Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Сельма Лагерлеф

Стары Борд Бордсан цiха ляжаў у ложку i слухаў пастара, той так i не пераканаў яго. Надта шмат жахаў давялося яму перажыць, i не мог ён паверыць, што ўсе яны пасланы Богам.

Але брат з сястрой, якiя дрыжалi ад страху перад насланнём i прывiдамi, адразу акрыялi.

- Чуеш? - запытаўся Iнгiльберт, схапiўшы за руку сястру. - Чуеш, пастар кажа, што гэта быў зусiм не генерал.

- Так, - адказала сястра.

Яна сядзела, сцiснуўшы рукi. Кожнае слова, сказанае пастарам, глыбока западала ёй у душу.

Iнгiльберт устаў. Парывiста ўздыхнуўшы, ён выпрастаўся. Юнак быў цяпер свабодны ад страху, якi мучыў яго. Ён стаў з выгляду зусiм iншым чалавекам. Шпаркiм крокам падышоў ён да хацiны, адчынiў дзверы i ўвайшоў.

- Што такое? - запытаўся пастар.

- Я хачу пагаварыць з татам!

- Iдзi адсюль! З тваiм бацькам цяпер размаўляю я! - строга сказаў пастар.

Павярнуўшыся да Борда Бордсана, ён зноў пачаў размаўляць з iм то ласкава-ўладным тонам, то лагодна-спагадлiвым.

Iнгiльберт, закрыўшы твар рукамi, усеўся на каменныя плiты. Iм авалодала моцнае хваляванне. Ён зноў зайшоў у хацiну, але яго i цяпер выгналi за дзверы.

Калi ўсё было скончана, настала чарга Iнгiльберта праводзiць пастара ў зваротную дарогу праз лес. Спачатку ўсё iшло добра, але неўзабаве iм давялося ехаць па грэблi цераз балота. Пастар не мог прыгадаць, каб ён ранiцай пераязджаў гэта балота, i запытаўся, цi не збiўся Iнгiльберт з дарогi. Але той адказаў, грэбляй будзе карацей за ўсё абмiнуць балота i што яна выведзе iх з лесу напрамкi.

Пастар пiльна зiрнуў на Iнгiльберта. Ён ужо заўважыў, што сын, як i бацька, вельмi прагны да золата. Iнгiльберт жа некалькi разоў заходзiў у хацiну, быццам хацеў перашкодзiць бацьку аддаць пярсцёнак.

- Эх, Iнгiльберт! Гэта вузкая i небяспечная дарожка, - сказаў пастар. Баюся, як бы конь не спатыкнуўся на слiзкiх бярвёнах.

- А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, сказаў Iнгiльберт i ў той жа мiг схапiў пастарскага каня за павады.

Калi ж яны апынулiся пасярод балота, дзе з усiх бакоў iх акружала толькi зыбкая багна, Iнгiльберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусiць яго звалiцца з вузкай грэблi.

Конь стаў на дыбкi, а пастар, якi з цяжкасцю ўтрымлiваўся ў сядле, закрычаў праваднiку, каб той пабаяўся бога, адпусцiў павады. Але Iнгiльберт, здавалася, нiчога не чуў, i пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спiхнуць яго ўнiз у багну. I жывёлiну i коннiка чакала немiнучая смерць.

Тады пастар выцягнуў з кiшэнi саф'янавую торбачку i шпурнуў яе прама ў твар Iнгiльберту.

Той адпусцiў павады, каб злавiць торбачку, i адчуўшы свабоду, пастарскi конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблi. Iнгiльберт застыў на месцы, не зрабiўшы нiякай спробы дагнаць пастара.