Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 13
Сельма Лагерлеф
- Пра Бенгта-асiлка ён якраз i хацеў пагаварыць з пастарам, - сказала дзяўчынка.
- Тады можаш пайсцi ў заклад, што гэта адны выдумкi, - сказаў Iнгiльберт.
З гэтымi словамi ён падняўся з месца i падышоў да акенца ў сцяне хацiны, якое было адчынена, каб крыху святла i паветра магло пранiкнуць усярэдзiну. Ложак хворага стаяў так блiзка ад акенца, што Iнгiльберт мог чуць кожнае слова. I сын пачаў прыслухоўвацца, нiколькi не пакутуючы мукамi сумлення. Магчыма, нiхто яму нiколi раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякiм выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькi няма нiякiх страшных тайнаў, якiя ён мог бы выдаць.
Пастаяўшы крыху каля акенца, Iнгiльберт зноў падышоў да сястры.
- Ну, што я казаў? - пачаў ён. - Бацька расказвае пастару, што гэта яны разам з мацi ўкралi каралеўскi пярсцёнак у старога генерала Лёвеншольда.
- Злiтуйся, божа! - усклiкнула сястра. - Цi не сказаць нам пастару, што ўсё гэта глупства, што ён сам на сябе нагаворвае.
- Зараз мы нiчога не можам зрабiць, - запярэчыў Iнгiльберт. - Няхай цяпер кажа што хоча. А з пастарам мы пасля пагаворым.
Ён зноў падкраўся да акенца i пачаў падслухоўваць. На гэты раз ён не прымусiў сястру доўга чакаць i неўзабаве зноў падышоў да яе.
- Цяпер ён кажа, што ў тую ж ноч, калi яны з мацi пабывалi ў склепе i ўзялi пярсцёнак, згарэла Меламстуга. Ён думае, быццам сам генерал падпалiў двор.
- Па ўсiм вiдаць, што гэта адна дурасць, - сказала сястра. - Нам жа ён не менш за сотню разоў казаў, што Меламстугу падпалiў Бенгт-асiлак.
Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як Iнгiльберт зноў вярнуўся на сваё месца каля акенца. На гэты раз ён доўга стаяў там, прыслухоўваючыся, а калi зноў падышоў да сястры, твар яго пацямнеў.
- Бацька сцвярджае, што гэта генерал наслаў на яго ўсе беды, каб прымусiць вярнуць пярсцёнак. Ён кажа, што мацi спалохалася i захацела пайсцi разам з iм да ротмiстра ў Хедэбю i аддаць пярсцёнак. Бацька i рад бы быў паслухацца яе, ды не адважыўся, думаў, што iх абоiх павесяць, калi яны прызнаюцца, што абакралi нябожчыка. Але тут ужо мацi не змагла перажыць гэтага, пайшла i ўтапiлася.
Тут i твар сястры пацямнеў ад жаху.
- Але татка заўсёды казаў, - пачала была яна, - што гэта быў...
- Ну так! Ён толькi што тлумачыў пастару, быццам не адважваўся сказаць нiводнай жывой душы, хто напусцiў на яго ўсе гэтыя беды. Толькi нам ён казаў, што яго даймае чалавек па мянушцы Бенгт-асiлак. Ён сказаў, што сяляне называлi генерала Бенгтам-асiлкам.
Мэрта Бордсан так i абамлела.
- Значыць, гэта праўда, - прашаптала яна цiха, так цiха, нiбы гэта былi яе перадсмяротныя словы.
Яна азiрнулася па баках. Хацiна стаяла на беразе ляснога азярца, а вакол узвышалiся змрочныя, пакрытыя лесам грабянi гор. Наколькi ахоплiвала вока, не вiдаць было чалавечага жылля, не было нiкога, да каго яна магла б звярнуцца. Усюды панавала адзiноцтва.
I ёй падалося, што ў ценi дрэў, у змроку падпiльноўвае нябожчык, рыхтуючыся наслаць на iх новыя няшчасцi.
Яна была яшчэ такiм дзiцём, што не магла па-сапраўднаму ўсведамляць, якую ганьбу i знявагу наклiкалi на сябе яе бацькi. Яна разумела адно - што iх даймае нейкi прывiд, якаясьцi бязлiтасная, усемагутная iстота з тагачаснага царства. Яна чакала, што гэты прышэлец у любы час з'явiцца i яна ўбачыць яго; Мэрце стала так страшна, што ў яе зуб на зуб не трапляў.