Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Сельма Лагерлеф

Яна падумала пра бацьку, якi вось ужо цэлых сем гадоў хаваў у душы такi ж самы жах. Ёй споўнiлася нядаўна чатырнаццаць, i яна памятала, што ёй было ўсяго сем, калi згарэла Меламстуга. I ўвесь гэты час бацька ведаў, што мярцвяк ходзiць за iм. Так, лепш яму тады памерцi.

Iнгiльберт зноў падслухоўваў каля акенца хацiны, а потым вярнуўся да сястры.

- Ты ж не верыш у гэта, Iнгiльберт? - запыталася яна, нiбы ў апошнi раз спрабуючы пазбавiцца ад страху. Але тут яна ўбачыла, як у Iнгiльберта дрыжаць рукi, а вочы застылi ад жаху. Яму таксама было страшна, нiколькi не менш за яе.

- Чаму ж мне тады верыць? - прашаптаў Iнгiльберт. - Тата гаворыць, многа разоў спрабаваў паехаць у Нарвегiю - хацеў прадаць там пярсцёнак, але яму нiяк не ўдавалася з месца крануцца. То сам захварэе, то конь зломiць нагу, якраз калi патрэбна ад'язджаць.

- А што сказаў пастар? - запыталася дзяўчынка.

- Ён пацiкавiўся ў бацькi, навошта той трымаў у сябе пярсцёнак усе гэтыя гады, калi так небяспечна было валодаць iм. Але тата адказаў: ён, маўляў, думаў, што калi прызнаецца ў сваiм злачынстве, то ротмiстр загадае яго павесiць. Выбiраць не было з чаго, вось i давялося яму захоўваць пярсцёнак. Але цяпер тата ведае, што памрэ, i хоча аддаць пярсцёнак пастару, каб яго паклалi генералу ў магiлу, а мы б, дзецi, пазбавiлiся ад праклёну i змаглi б зноў перабрацца ў прыход да людзей.

- Я рада, што пастар тут, - сказала дзяўчынка. - Не ведаю, што i рабiць, калi ён паедзе. Я так баюся. Мне здаецца, быццам генерал стаiць вунь там, пад елкамi. Падумаць страшна, што ён хадзiў тут кожны дзень i падпiльноўваў нас! А тата, можа, нават бачыў яго!

- Я думаю, што тата i сапраўды бачыў яго, - пагадзiўся Iнгiльберт.

Ён зноў падышоў да хацiны i пачаў прыслухоўвацца. Калi ж вярнуўся назад да сястры, на ягоным твары ўжо быў iншы выраз.

- Я бачыў пярсцёнак, - сказаў ён. - Тата аддаў яго пастару. Пярсцёнак так i зiхацiць! Пунсовы з золатам! Так i пералiваецца! Пастар зiрнуў на пярсцёнак i сказаў, што пазнаў яго, што пярсцёнак гэты - генералаў. Падыйдзi да акенца, i ты ўбачыш яго!

- Лепш гадзюку ў рукi вазьму, чым буду глядзець на гэты пярсцёнак, сказала дзяўчынка. - Няўжо ты на самай справе думаеш, што на яго прыемна глядзець?

Iнгiльберт адвярнуўся.

- Ведаю, што ён - наш згубiцель, але ўсё роўна мне ён па душы.

Толькi ён сказаў гэтыя словы, як да брата i сястры данёсся моцны i зычны голас пастара. Да гэтага часу ён слухаў хворага. Цяпер надышла яго чарга.

Само сабой зразумела, што пастар не мог прымiрыцца з усiмi гэтымi вар'яцкiмi размовамi аб падкопах мерцвяка. Ён спрабаваў даказаць селянiну, што яго напаткала божае пакаранне за такое неверагоднае злачынства, як крадзеж у нябожчыка. Пастар увогуле не пажадаў згадзiцца з тым, быццам генерал здольны ўчыняць пажары цi насылаць хваробы на людзей i жывёлу. Не, беды, якiя даймалi Борда, - гэта пакаранне божае, абранае каб вымусiць яго раскаяцца i вярнуць крадзенае яшчэ пры жыццi, пасля чаго грэх будзе дараваны, i ён зможа спакойна памерцi.