Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 16
Сельма Лагерлеф
V
Не прыходзiцца здзiўляцца, што пасля такога ўчынку Iнгiльберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хiлiўся да вечара, калi яму ўдалося дабрацца да жылля. Нiчога мудронага не было i ў тым, што з лесу ён патрапiў не на дарогу ў Ольсбю, якая была i лепшая i карацейшая за астатнiя, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.
Блукаючы на канi ў лясным гушчары, ён толькi падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчаслiва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана* i папрасiць яго накiравацца ў лес адабраць у Iнгiльберта пярсцёнак. Але, праязджаючы мiма Хедэбю, ён задумаўся, а цi не павярнуць яму туды па дарозе i цi не расказаць ротмiстру Лёвеншольду, хто адважыўся спусцiцца ў склеп i ўкрасцi каралеўскi пярсцёнак.
* Ленсман - службовая асоба, прадстаўнiк каралеўскай улады на месцах.
Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмiстр i яго бацька не вельмi ладзiлi мiж сабой. Ротмiстр быў настолькi ж мiралюбiвы, наколькi бацька яго ваяўнiчы. Ён паспяшаўся выйсцi ў адстаўку, як толькi быў заключаны мiр з расейцамi*, i з таго часу ўсе свае сiлы аддаваў на аднаўленне росквiту краiны, лiтаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзiнаўладдзя i вайсковых ушанаванняў i нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, i пра многае iншае, што так высока цанiў яго стары бацька. Для большай дакладнасцi патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнiчаў у рыксдагаўскiх спрэчках**, прычым заўсёды як сябра партыi прыхiльнiкаў мiру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.
* 30 жнiўня 1721 г. быў заключаны мiрны дагавор памiж Расеяй i Швецыяй (Нiштацкi мiр), згодна з якiм да Расеi адышлi Iнгерманландыя, Лiфляндыя, Эстляндыя, Выбарг i паўднёва-заходняя Карэлiя.
** У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў склiканы рыксдаг, на якiм разгарнулiся дэбаты наконт далейшага палiтычнага курсу краiны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння мiру.
Калi сем гадоў таму быў украдзены генеральскi пярсцёнак, пастар, ды i многiя iншыя палiчылi, што ротмiстр не вельмi стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусiла цяпер пастара падумаць: "Якая карысць, калi я вазьму на сябе клопат злезцi з каня тут, у Хедэбю. Ротмiстр усё роўна не запытаецца, хто носiць сягоння каралеўскi пярсцёнак на пальцы - бацька цi Iнгiльберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведамiць аб крадзяжы ленсману Карэлiусу".
Але пакуль пастар такiм чынам раiўся з самiм сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, цiхенька адчынiлася, ды так i засталася адчыненай насцеж.
Гэта быў сапраўды цуд, але цi мала на свеце розных брам, якiя такiм жа чынам расчыняюцца самi па сабе, калi яны дрэнна зачынены. I пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымi абставiнамi, але палiчыў iх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.
Ротмiстр прыняў яго гасцiнна, куды больш ветлiва, чым звычайна.
- Якi гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазiрнулi да нас. Я якраз вельмi хацеў сустрэцца з вамi i сягоння некалькi разоў намерваўся пайсцi да вас у маёнтак i пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!