Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 11
Сельма Лагерлеф
* Сэтар - невялiкае паселiшча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах.
** Пастар-ад'юнкт - другi святар, якога прызначалi ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах.
Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяцi. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калi разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнiя сем гадоў селянiна даймалi розныя беды i няшчасцi. Сядзiба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралi дзiкiя звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Iоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усiх гэтых бядот, што кiнулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хацiну ў глухiм лесе; гэта было адзiнае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу нi сам ён, нi дзецi яго не хадзiлi ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылi ў пастарскiм маёнтку, не разумеючы, цi жывуць яшчэ Бордсаны ў iх прыходзе, цi не.
- Наколькi я ведаю твайго бацьку, ён не рабiў такога цяжкага граху, у якiм не мог бы пакаяцца ад'юнкту, - сказаў пастар, гледзячы з добразычлiвай усмешкай на дачку Борда Бордсана.
Для сваiх чатырнаццацi гадоў яна была не па ўзросту рослая i моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокi, рысы твару грубыя. Выгляд - крышачку праставаты, як у бацькi, але выраз дзiцячай бязвiннасцi i шчырасцi прыхарошваў яе твар.
- А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баiцеся Бенгта-асiлка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? - запыталася дзяўчынка.
- Што такое ты кажаш, дзетка? - здзiвiўся пастар. - Што гэта за Бенгг-асiлак, аб якiм ты гаворыш?
- А той самы, хто робiць так, што ўсё ў нас не ладзiцца.
- Вось як, - працягнуў пастар, - вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асiлкам?
- А хiба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпалiў Меламстугу?
- Не, аб гэтым мне чуць не даводзiлася, - адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца i ўзяў свой трэбнiк i невялiкi пацiр, якiя заўсёды вазiў з сабой, калi ездзiў па прыходзе.
- Гэта ён загнаў матулю ў возера, - працягвала дзяўчынка.
- Горшай бяды быць не можа! - усклiкнуў пастар. - А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асiлак? Ты бачыла яго?
- Не, бачыць я яго не бачыла, - адказала яна, - але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес i жыць сярод дзiкiх скал. Там ён пакiнуў нас у спакоi да мiнулага тыдня, калi татка секануў сябе па назе.
- I ў гэтым таксама, па-твойму, вiнаваты Бенгт-асiлак? - зусiм спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчынiў дзверы i крыкнуў работнiку, каб той сядлаў каня.
- Татка сказаў, што Бенгт-асiлак замовiў сякеру, а не то б яму нiколi не пашкодзiць нагу. Ды i рана ж была зусiм не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асiлак даканаў яго. Вось татка i паслаў мяне сюды i загадаў перадаць, каб вы самi да яго прыехалi, i як мага хутчэй.