Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 7
Віктар Карамазаў
З адной выставы выйшаў - паклікала другая, гарадская: там, можа, ратунак ад цяжкіх думак? На конку сеў, паехаў - і там за галаву схапіўся: ля прымітыву - прымітыў. Вяртаўся - думаў: няўжо ўся краіна на гэтакім, як у Акадэміі, вулкане? Спустошаны, прыгнечаны, без святла ў вачах, дадому прывалокся, зваліўся ў крэсла і на стале заўважыў канверт паштовы. Адразу падумаў, што стары, з лістом даўно прачытаным ці без ліста. Але ж уранні яго тут не было?
У акне вісела неба нізкае, цяжкое. Успомніў, загледзеўшыся на яго, фінскі пейзажык Левітана, а ўжо рука намацала канверт, адчула, што нідзе не надарваны. Мо новы ліст з Багданава?..
Пісала маці:
"Сыночак! Мы ўсе цябе віншуем са светлым святам Сёмухі. Ведаем, як шмат у цябе там працы, як цяжка табе да нас прыехаць, а сэрца, на гэта не зважаючы, чакае ўсё роўна, спадзяецца цябе пачуць, убачыць. Дні ў нас цёплыя, сад хораша адцвіў, ужо цвітуць твае любімыя півоні, у духмянай квецені акацыі, набіраюць бутоны ружы. Збіраемся на возера па аер, ім будзем высцілаць дарожкі, падлогу, ганкі. У Муры наверсе, у вялікім пакоі, які мы ўжо называем тваёй майстэрняй, сонейка свеціць і грэе круглы дзень, таксама цябе чакае..."
Усё, пра што пісала маці, кветкі і сваю майстэрню ў Муры, бачыў, чытаючы ліст, у натуры, нібы яно, усё тое, было намаляванае ў фарбах багданаўскім святлом. Цяпер, з лістом у руках, не мог сказаць нават сабе, што яму нельга ехаць, і не ставала толькі чыесьці яшчэ парады. А з кім параіцца, калі побач няма ні Куінджы, ні Пурвіта - бліжэйшых? Наведацца ў акадэмічную майстэрню? А раптам хтосьці там з калегаў?
Назаўтра ў той, ад ранку, час, калі звычайна пачыналіся заняткі ў класах і праца ў майстэрнях, Фердынанд адчыніў дзверы майстэрні і адразу, ледзь пераступіўшы парог, адчуў, што хтосьці ёсць. Агледзеўся - нікога. Але ж гук чуў - ён чый, адкуль? Падышоў да свайго мальберта, зноў агледзеўся і каля апошняга акна, дзе стаяў мальберт Урублеўскага, заўважыў галаву чалавека, які нібыта спаў у старым крэсле.
- Кастусь? - спытаў, бо хто мог быць, калі не гаспадар і крэсла, і мальберта.
Той ўсхапіўся, але - Куінджы? Рушыў, відавочна абрадаваны, да Фердынанда, яму насустрач працягваючы рукі:
- Хто ў вас Кастусь? Я гэтакага не ведаю.
- Прабачце. Я думаў, што тут Урублеўскі. Не пазнаў.
Зеўс усміхаўся.
- Ну так. Што тут цяпер рабіць выкінутаму з Акадэміі?
- Ды што вы, Архіп Іванавіч? - Фердынанд захваляваўся, як вінаваты.
- Я рады бачыць вас.
- Рады і я, што вы тут. Але дзе мае астатнія вучні? Чаму ніхто з іх не працуе?
- Як працаваць без вас?
- Я з вамі ўсімі быў і буду. Чыноўнікі пры мастацтве хай думаюць, што мяне няма, што яны вас ад мяне забралі. Але гэта не так. У кожным з вас мая душа, а вы ўва мне. Я вас ім не аддам. - Далей спытаў: - Як вы назвалі Косцю Урублеўскага?