Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 6

Віктар Карамазаў

- Ну вось, я гэтакім у тоне бачу ваш сюжэт. А вы іначай бачыце. Дык гэтак і павінна быць. Кожны спявае па-свойму.

Як быццам нічога не падказаў, не патрабаваў, не павучаў, быў проста рады папрацаваць з палітрай, і разам з тым даваў урок, як трэба шукаць цікавы тон, як бачыць матыў.

Але чаму пасля таго цудоўнага ўрока шмат дзён не падыходзіў да мальберта? Не натхнілі парады настаўніка? Згубіў імпэт? Стаміўся? Што здарылася?

Аднойчы нейкі студэнт, не вучань Куінджы, не жывапісец нават, паспрабаваў звярнуцца са сваім пытаннем да рэктара, а таму не спадабалася, што студэнт стаяў перад ім як вольны чалавек, - прагучала каманда, нібы ў войску: "Руки по швам!" Яна разнеслася адразу па Акадэміі, усіх абурыла. Студэнты не выйшлі на заняткі, патрабуючы, каб рэктар прасіў прабачэння ў зняважанага калегі. Тады сабралася кіруючая Рада вучэльні, падтрымала рэктара і выдала пастанову аб звальненні ўсіх, хто не вернецца ў аўдыторыі ды майстэрні. Куінджы быў сябрам Рады, але пастанову, фактычна рэпрэсіўную, не падпісаў. Гэта дало адміністрацыі падставы абвінаваціць яго ў падбухторванні студэнтаў да бунту.

Што адбылося далей, Рушчыц занатаваў у сшытку:

"Куінджы стаяў перад студэнтамі жоўты, на сябе не падобны. Ціхім узрушаным голасам сказаў: "Акадэмію хочуць зачыніць. На мяне глядзяць як на кіраўніка вашых хваляванняў. Я вымушаны падаць у адстаўку. Але гэтага не зраблю, калі вы пачнеце працаваць". I тут адбылося неверагоднае. Студэнты абступілі настаўніка, абдымалі яго і плакалі. Істэрычны плач авалодаў і мною..."

Віцэ-прэзідэнт Акадэміі граф Талстой наведаў Вялікага князя Уладзіміра Раманава, брата цара Аляксандра III. З’явіўся загад аб звальненні Куінджы з Акадэміі. У адказ на гэта пяцьдзесят сем маладых мастакоў, сярод якіх быў і Рушчыц, абвясцілі аб стварэнні Таварыства Куінджы.

Фердынанд быў не толькі ўзрушаны, але разгублены. Як далей жыць і працаваць, ад каго, калі не ад Куінджы, чакаць цяпер творчай падтрымкі? Адміністрацыя дасць новага настаўніка? А якога? Не іначай, як такога, што скамандуе: "Руки по швам"? Як з галавы і сэрца выкінуць маральную атруту апошніх дзён і супакоіцца, каб падысці да мальберта? Ніхто з сяброў у майстэрню не заглядаў: дзе хто - не ведаў. Хадзіць туды не стаў і ён. Супакоіць магла добрая, з цікавым сюжэтам, кніга? Па вечарах, да поўначы, чытаў "Затоплены звон" Гаўптмана: захапіўся вынаходлівымі сюжэтнымі хадамі, жывымі вобразамі, зменлівымі настроямі. З кнігай пад падушкаю і засынаў. А раніцай прачынаўся - зноў Зеўс у галаве.

Колькі дзён адседзеўшы дома, на вуліцу выйшаў - куды ісці далей? У вучэльню да мальберта ногі не вялі. Адкрылася выстава перасоўнікаў - падаўся па творчае натхненне. А там - ні свежых тэм, матываў, кампазіцый, ні каларыту. Быў Левітан, але не той, што ў мінулыя гады: халодны шэранькі пейзаж, прывезены з Фінляндыі, нібыта мастаку свае, у Расіі, мала шэрані.