Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 5
Віктар Карамазаў
Яго чакалі.
За дзверы выйшаў, там спыніўся, гадаючы, куды ісці і што цяпер рабіць. Вярнуўся да мальберта. Сеў ля "Вясны", але глядзеў на стол, на кубкі, вазу, думаў пра тое, як жыць у вёсцы без сяброў, без блізкага настаўніка, з якімі разам пражытыя апошніх пяць гадоў?
Ці хопіць сілы жыць, як патрабуе крэда?
2
Яшчэ нядаўна быў Вялікдзень, а ўжо Сёмуха.
У маёнтку Рушчыцаў гэтае свята ўсе любілі. Любіў яго і Фердынанд. Вялікдзень на кожнае жывое каліва браў мерачку, каб шыць па ёй паслязімовыя абновы, а Сёмуха іх апранала і абвяшчала лета. Яна была апафеозам любімых у прыродзе і ў мастака зялёных колераў - жыцця апафеозам. Дык як ён мог на Сёмуху не ехаць у Багданаў?
Але як было ехаць сёлета?
Год выдаўся 1897: сышліся гэтаю вясной дарогі, якія і сам масціў, і за яго масціў ягоны лёс. Яшчэ не ведаў, куды і як яны далей пралягуць, павядуць, сказаць пэўна не мог, мог толькі прадчуваць, жадаць і спадзявацца.
Ён верыў у Бога каталіцкага, у Хрыста, у існаванне лёсу, а лёс - загадка, як і Бог.
Як мог у Багданаў ехаць, калі дзён заставалася так мала да найгалоўнейшай падзеі за ўсе акадэмічныя гады, да абароны дыплома? На абарону акрамя эцюдаў ды эскізаў мусіў выставіць яшчэ і тры карціны, а дзе яны? "Вясну", адну з трох, напісаў, паказваў калегу Урублеўскаму - той прамаўчаў. Не захапіла? Потым яе ўбачыў Рэрых, таксама сябра, талент, і захапіўся. Ды як! З майстэрні выйшаў і праз хвіліну зноў пастукаў у дзверы, зайшоў яшчэ раз паглядзець - усклікнуў: "Што ты са мной зрабіў?" - "А што такое? - не зразумеў яго адразу. - Чым вінаваты я?" - "Ды надта ж прыгожая карціна атрымалася, душу маю дастала..." - Запляскаў у далоні.
Але адной карціны, хоць і ўдалай, мала, каб даказаць, што ты мастак, дыплома варты. Яшчэ задуму меў пісаць "Вячэрнюю зорку" з Фаўнам і "Трытонаў". Зімой рабіў да іх эскізы. Куінджы тады ўбачыў - насцярожыўся, але і падтрымаў: "Не, я не супраць маладых фантазій, як ёсць задума і настрой, пішыце, але сам тэм гэтакіх пабойваюся. Рэалісту цяжка адрывацца ад рэальнай натуры, а тут прыгожы міф, ён патрабуе асобага натхнення, поўнай свабоды ўяўлення, вялікай творчай смеласці. Вас захапілі Бёклін, Штук? Ну што ж, вы рэаліст малады, паспытайце, чым пахне гэтакая рамантыка". Яшчэ доўга ўглядаўся ў эскіз марскога пейзажа з трытонамі, старым і маладым, спытаў: "Вас, бачу, непакоіць святло? Нам тут, пад шэрым небам у сталіцы царскай, святла заўсёды мала. Свабоды і святла". Узяў палітру, перанёс з яе ў эскіз фарбачку, потым другую, трэцюю, на цёмным месцы зрабіў светлы мазок, шукаючы патрэбны тон. Спачатку асцярожны з фарбамі, ён вельмі хутка адчуў сябе нібыта за сваім мальбертам, мазкі клаў смела, нікога вакол не заўважаючы, нават і аўтара эскіза. Захоплены настаўнікам, ягонай апантанасцю ў працы, Фердынанд адышоў убок, але вачэй не зводзіў з пэндзля, як лётаў ён, гуляў з святлом ды з ценямі на скалах, у моры, шукаючы рухомыя адценні, як высвеціўся раптам далягляд марскі, заззяў у сонечнай смузе. Запанавала амаль містычнае чароўнае святло. Настаўнік ад мальберта адышоў, з іншага боку прыгледзеўся да эскіза, што там на ім зрабіў, палепшыў ці пагоршыў, з усмешкаю, як задаволены, аддаў палітру ў рукі Фердынанду.