Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 9
Віктар Карамазаў
- Цяпер едзе на поўдзень у Ніцу?
Куінджы павесялеў.
- А ў вас, малады чалавек, прабачце за маю нясціпласць, каханне ёсць?
Фердынанд не разгубіўся:
- Мастак жыць без кахання не можа.
- Вам вопыт Ісака Ільіча - карысная навука.
- Я Левітана люблю, але вучуся ў вас, Архіп Іванавіч. Ды і каханка ў нас з вамі адна - жывапіс.
- Была адна і ў яго. Але прыходзіць час, калі адной каханкі мастаку мала. А вы яшчэ малады. У вас шмат чаго наперадзе.
Куінджы зноў нахмурыўся, схапіўся рукамі за краі стала, аж жылы ўспухлі на руках.
- Пакуль мне першага кахання дастаткова.
Вочы настаўніка заблішчэлі мацней, як задаволеныя пачутым, хоць вусны недаверліва перасмыкнуліся.
- А калі так, то станавіцеся да мальберта і працуйце. А я пайду да свайго станка. Апошнім часам, прызнаюся, таксама ад яго адбіўся.
Адчуўшы, што настаўнік зараз падымецца з-за стала, Фердынанд успомніў пра ліст у кішэні - паклаў на стол. Куінджы паглядзеў на ліст, потым у вочы вучню і зноў на ліст, асцярожна, як штосьці небяспечнае, узяў двума пальцамі за ражок, паднёс да вачэй і зноў паклаў.
- Не разумею польскай мовы. Але бачу, што ліст напісаны не мне. Я чужых лістоў не чытаю.
Фердынанд адказаў:
- Гэта ліст ад мамы.
- Але не ад маёй, не мне.
- Я вельмі хачу, каб вы пачулі, што тут яна мне піша. Дазвольце, я прачытаю вам?
Куінджы задумаўся, быццам пагадзіўся, і Фердынанд пачаў чытаць. Калі ўжо прачытаў і самы апошні, з двух слоў, радок, пачуў пытанне да сябе:
- А што гэта за свята - Сёмуха?
- Троіца. Бо праз сем тыдняў пасля Пасхі. У нас у вёсцы гэтак кажуць.
- Вам трэба ехаць.
- Але ў мяне дзве ненапісаныя дыпломныя карціны. Я ўвесь рассыпаўся, сабрацца не магу ні з думкамі, ні...
Настаўніку тлумачыць доўга не спатрэбілася.
- 3 далёкіх падарожжаў вы заўсёды прывозілі цікавыя эцюды. 3 Балаклавы, Лёхмэ, Бергхольма, Візбы. Там выдатна бачылі мора, горы. Гэта заўважалі і Шышкін, і Айвазоўскі. Але цікавыя карціны вы прывозілі толькі са сваёй вёскі. Задумваліся - чаму так? Ваша вока прыгожае ўсюды заўважае і разумее, але душа выбірае сваё, роднае. Карціна - не эцюд, ёй мала вострага вока, яе трэба пісаць душою. Рассыпаліся, кажаце, не можаце сабрацца ў думках, у пачуццях? Вам не хапае цяпер вёскі. Трэба ехаць. Там вы і маму супакоіце, і засяродзіцеся. I ўсё напішаце.
Куінджы падняўся з-за стала, узяў ліст, быццам сам хацеў прачытаць, з ім памаўчаў, паклаў на стол. На развітанне падаў руку.
- Шчаслівы чалавек вы, - прамовіў, не гледзячы вучню ў твар. - У вас ёсць мама. Я гэтакіх лістоў не меў.
Падышоўшы да дзвярэй, спыніўся, выняў з кішэні пінжака белую хусцінку, прыклаў да вачэй і, схаваўшы яе назад у кішэню, выйшаў за дзверы.
Фердынанд стаяў пасярод майстэрні, глядзеў на дзверы. Нібы праз іх, за імі бачыў Куінджы, якім бачыў у канцы зімы, да бунту ў Акадэміі, калі разам з Пурвітам наведаў хворага. Ён ляжаў тады на кушэтцы каля акна, трымаючы на грудзях блакітнага голуба з белаю, анучкай абматанай, лапкаю. Пра сваю хваробу ні слова не казаў, уся размова была ў яго пра птушку, якую падабраў на сметніку ў двары з перабітаю лапкай.