Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 57
Віктар Карамазаў
Усё гэта выпрабоўвала нацыянальныя пачуцці Фердынанда. Але ён не выглядаў дылетантам у разважаннях, спрэчках, меў свае ідэалы, крытэрыі, пазіцыі. У літаратуры любіў Міцкевіча, Дастаеўскага, Славацкага, у музыцы яго глыбока хвалявалі Шапэн, Чайкоўскі, Шуберт, Вагнер, у жывапісе высока ставіў Куінджы і Левітана, Матэйку і французскіх імпрэсіяністаў. Заўзяты нацыяналізм Бласа, як і любы іншы, калі адмаўляліся ці зневажаліся высокія ўзоры культуры, не лічачыся з гістарычнымі ды мастацкімі асаблівасцямі і традыцыямі народаў, у вачах Фердынанда былі вынікам звужанага, аднабаковага выхавання. Ён у сваёй сям’і, дзе паважаліся ўсе культуры і мовы, быў выхаваны іначай. Яго абуралі нацыяналістычныя крайнасці, але яны і насцярожвалі, прымушалі глыбей задумацца над сваім далейшым у мастацтве шляхам паміж дзвюх вялікіх культур - польскай і расійскай.
Складанасць свайго выбару Фердынанд адчуваў у гэты час і востра, і адказна. Ціхі Багданаў супакойваў, у сваёй мудрай цішыні даваў раўнавагу, але падказваў і тое, што цяпер тут не толькі ціхі кут для творчай працы, але і раздарожжа паміж захадам і ўсходам, дзе трэба рабіць непамылковы выбар.
Фердынанд працуе і думае. Кожны новы эцюд прымушае засяродзіцца на тым, куды ён, мастак, павязе яго, на захад або на ўсход? У Пецярбург да Куінджы, Пурвіта, Рылова, Рэрыха... або на захад - да каго там?..
Няма часу цешыцца прыемнымі польскімі ўспамінамі. Ужо і снежань на сыходзе, яшчэ адзін год пражыты, год новы пазірае з-пад ялінкі ў вочы кожнаму. Яшчэ адна вясновая выстава збіраецца ў Акадэміі. Туды як не паедзеш, работы новыя не павязеш, калі там чакаюць Куінджы, Пурвіт... Ды і Гэлена?..
З’яўляецца ў сшытку запіс:
"Мама заўважыла на маім пісьмовым стале фотаздымак Гэлены. Тое, што пахваліла рамку, якую я падабраў для здымка, мяне вельмі ўсцешыла".