Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 56
Віктар Карамазаў
Ужо вярнуўшыся ў Багданаў, баючыся зманіць і самому сабе, Фердынанд выкажацца:
"У жывапісе волатаў мы не маем (не лічачы геніяльнага Матэйкі, бо разглядаю толькі чысты жывапіс)".
"Мы" - ён кажа, як паляк, за ўсю Польшчу.
Так, зрабіўшы тую вандроўку, яму будзе пра што падумаць і задумацца. Яна, асабліва па Польшчы, удалася багатай на ўражанні не толькі ад убачанага вокам, звонку, але і ад шчырых, шмат з кім, размоў, ад узаемнага, як паміж сваімі людзьмі, даверу, які адкрываў гістарычныя і сучасныя, праблемна- перспектыўныя і бліжэйшыя побытавыя глыбіні краіны, народа, грамадскае і прыватнае духоўнае жыццё. Рушчыцу адкрывалася нацыянальная культура, экспрэсіўнае і свядомае жыццё паляка, крыніцы яго патрыятызму і аптымізму. Усё гэта прываблівала, натхняла на духоўную супольнасць, творчыя кантакты, на сяброўства з цікавымі людзьмі, мацавала спадзяванні на свой творчы лёс ва ўмовах, калі губляліся духоўныя сувязі з Пецярбургам.
Але паміж Варшаваю і Пецярбургам быў Багданаў. Ён лячыў і ад залішняй роспачы, і ад залішніх захапленняў. Цяпер, пасля польскіх вандровак, таксама. Лячыў працай у прыродзе.
"Багданаў, 17. 09.
Што можа быць прыгажэйшым за восеньскую нядзельную раніцу на вёсцы? Неба чыстае, блакітнае, дрэвы жоўтыя, залатыя, стаяць ціха, лісты не шавеляцца, нават не ападаюць на зямлю. Цішыня і спакой. Адчуваецца, што людзі адпачываюць, і менавіта тое, што іншыя не працуюць, кліча мяне да працы".
"Некалькі дзён запар перарабляў ваду ў "Вілейцы".
"Пачаў "Старое гняздо".
"Скончыў "Грэблю".
"Ад раніцы - эцюд, па абедзе - другі".
Кожны дзень працуючы ў прыродзе, Фердынанд засяроджваўся ў межах то аднаго, то другога, то трэцяга пейзажнага матыву і з гэтых межаў падоўгу сябе не выпускаў, шукаючы і выяўляючы на палатне нават і самыя няўлоўныя на першы погляд крыніцы іх прывабнасці, красы. Але вольная, можна сказаць - свавольная, думка зноў ды зноў выбівалася з тых жорсткіх межаў у свет шырэйшы, як свет аднаго матыву, большы, як свет гармоніі ці каларыту, праўды лірычнай, паэтычнай. Што там, па-за канкрэтным матывам?
Працуючы з палітрай або даючы сабе адпачынак ад працы, адчуваў праўду мастацкую ў еднасці з праўдай гістарычнай. Гледачу гэта лягчэй бачыць у "Зямлі" або ў "Крэве", цяжка - у чыстых эцюдных пейзажах. Але ствараючы нават і невялікі памерам пейзаж, Фердынанд адчуваў яго як лапінку роднай зямлі, якая заўсёды мела ў ім свайго, па спадчыне, гаспадара. Гэтае адчуванне мацнела асабліва ў апошні час, у вандроўках па Польшчы і дома. У Варшаве ды Кракаве яго настроі віталіся ўсімі, а тут, дома, здаралася, што і выпрабоўваліся. Выпрабаванні ішлі ад мілых спрэчак з Артурам Бласам, сваяком праз маці, немцам, выдатным музыкам з Нямеччыны, які жыў у маёнтку, вучыў Вольгу, сястру Фердынанда, прафесійна спяваць, ставіў, як кажуць спевакі, яе моцны ад прыроды голас. Па вечарах наладжваліся музычныя турніры, Вольга і Артур спявалі дуэтам, а пасля пачыналіся размовы пра музыку, якія пераходзілі ў тэмпераментныя спрэчкі не толькі пра музыку ды музыкаў, але і шырэй - пра нацыянальныя культуры. Глеба для гэтакіх спрэчак была. Маці - датчанка, ведала мастацтвы скандынаваў, бацька - патрыёт Літвы ды Польшчы, Блас - заўзяты ў сваім нацыянальным патрыятызме немец. Звычайна спрэчкі пачынаў Блас пасля спеваў, з музыкі: хто любіць Шапэна, Чайкоўскага, Рубінштэйна, Падэрэўскага, Моцарта? Спакойныя ад пачатку выказванні хутка перапыняліся яго катэгарычнымі заявамі: "Шапэн - пусты, значны для адных палякаў", "Чайкоўскі - толькі для Расіі..." І гэтак - адмятаў усіх славянаў. Не прызнаваў іх і літаратуры, і жывапісу.