Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 55

Віктар Карамазаў

Казка. I ў вачах у Фердынанда, і ў яго расчуленым сэрцы. Што далей чакае мастака, які валодае выдатным талентам не толькі чытаць казкі жыцця, самой прыроды, але і ствараць свае казкі?

Стварэнне ўласнае, ужо не казачнае, далей:

"Ашмяны..."

Усяго праз тыдзень пасля абеду ў Гэлены.

"Што сказала б мая прыгожая і дарагая, калі б убачыла мяне ў малым нумарочку жыдоўскага заезду, абклеенага блакітнымі шпалерамі ў чырвоныя кветачкі? Не, тут ёй не месца.

Яшчэ ўчора мы былі разам, а сёння - як далёка, далёка...

Які кантраст!

Яшчэ ўчора сядзеў я з табой пад габеленамі, пад высокім купалам, і нам здавалася, што гэтыя двое людзей далі б добры матыў для скульптуры, а сёння я ў мядзведжым футры, у глыбокіх гамашах, буславым крокам шпацырую па балоце малога мястэчка, саджуся абедаць у "клубным" рэстаране са штучнымі пальмамі на сталах!

Калі б мы былі разам, яшчэ б мацней адчулі, як шмат нас яднае і як шмат нас аддзяляе ад ііііііых".

Ратунак ад жыдоўскага заезду ў Ашмянах - Багданаў:

"Прыгожы вечар. Любоў сваіх, цяпло бацькоўскага гнязда".

"Праз вакно майстэрні малюю эцюд і, здаецца, ён моцны. Ва ўсялякім разе, малюю з запалам".

Гэтак было заўсёды: вярнуўшыся ў Багданаў, Фердынанд браў у рукі палітру, ішоў у прыроду, назіраў за святлом, каляровымі адценнямі, на­строям^ маляваў. Адразу пачынаў жыць роднай прыродай, любімай працай і забываўся на ўсё, што заставалася за межамі гэтай прыроды, свайго маёнтка: хмары над Пецярбургам і яшчэ больш шэрыя, цяжкія для душы і сэрца хмары ў Пецярбургу, на тыя, што вакол мастацтва і ў мастацтве, тузаніну, зайздрасць, зласлівасць, няволю, хлусню. А пра Гэлену тут, у прыродзе, у працы, забываў таксама?..

"...бяру ў рукі дзённік, каб быць з табой, Гэлена, няма іншае рады. Раскладаю перад сабою твае здымкі і ўглядаюся ў іх... Паказваў нават аднаму чалавеку - Маме. Казаў ёй пра цябе, бо ў гэтым была абавязковая патрэба. Не мог вытрываць, што ніхто з майго кола не ведае пра цябе і нашае сяброўства. Адхіліў адзін краёчак, каб хоць адна асоба ведала, што тут ёсць скарбы".

Гэлену ўспамінаў. Часам зусім нечакана.

"Вялікдзень. Бачу цябе, Гэлена, бо Мама сёння апранутая ў твае колеры

- цёмна-карычневы са святлейшым. Сказаў пра гэта Маме".

Па ёй, Гэлене, сэрца тузала, але, як верыць дзённіку, і забывала, аддаючыся працы ў прыродзе. Ды і не толькі ў прыродзе. У часы выездаў з Багданава на захад, які ўсе мацней прываблівае Рушчыца. Пасля Вялікадня, паназіраўшы за хуткаплынным снегам, папрацаваўшы ў прыродзе над новымі эцюдамі, ён вязе іх у Вільню. Адтуль, амаль адразу, у Варшаву і Кракаў. Далей - Берлін і Капенгаген. Падарожжа - амаль на ўсё лета.

13

У Варшаве Рушчыца цікавіла выстава жывапісу. Не толькі таму, што ўпершыню тут паказваў свае работы. Цікавіла, яшчэ і тое, які ў Польшчы жывапіс, якія мастакі, што і як пішуць. Тым, што ўбачыў, не захапіўся. Быў нават расчараваны, здзіўлены. З выставы адразу паехаў у Кракаў па афіцыйным запрашэнні на свята, якім Польшча адзначала пяцьсот гадоў Ягайлаўскага ўніверсітэта.

Праграма свята была вялікая, цікавая. Госця з "усходніх крэсаў" усюды віталі як выдатнага нацыянальнага мастака, з вялікай пашанай, увагай. Яго ўвесь час акружалі мастакі, акадэмічная ды ўніверсітэцкая прафесура, пісьменнікі, мастацтвазнаўцы. Запрашалі ў тэатры, на народныя кірмашы, у сем’і. З новымі сябрамі па мастацтве ён кожны дзень снедаў, абедаў, вячэраў у доўгіх шчырых размовах, знаёміўся з кабетамі, паненкамі. Усе з прыемнасцю заўважалі і віталі, хвалілі яго карціны, абвяшчалі тосты за яго талент, вазілі ў горы, паказвалі Карпаты, Татры. Пабываў і ў хаце-музеі Матэйкі, убачыў выдатныя калекцыі яго малюнкаў, эскізаў, карціны. Кож­ны дзень бываў у майстэрнях мастакоў. Шукаў усюды лепшыя мастацкія работы, якія б кранулі, усхвалявалі.