Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 59
Віктар Карамазаў
- Гэта кепска?
- Гэта добра для мастака. Гэта нават ратуе. - Зрабіўшы паўзу, дадаў:
- Калі вайна. А што? Вайну ў вёсцы пераседзець - выйсце. Асабліва мастаку. Старому. Ды і маладому.
- А ты хіба вайны не адчуваеш? Што нас у яе зацягваюць? Ужо адкрыта ў друку пішуць, што мы з табою тут чужыя. Аблава пачалася. Артыкул у "России" не чытаў? I ў "Новом времени" тое самае.
- Чытаў. Але заседжвацца ў вёсцы небяспечна. Калі ты ў вёсцы, а яна ў сталіцы. Калі абое маладыя.
Фердынанд сядзеў за столікам, глядзеў у вакно. Разважанні сябра яму не спадабаліся.
- Ты не адказаў на пытанне. Гэлена дзе цяпер?
Пурвіт падышоў да яго, паклаў яму на плечы рукі.
- Яна ў Мюнхене. Вучыцца ў Акадэміі на скульптуры.
- Вучылася тут?
- Тут была вольнаю слухачкай. Цяпер - там.
- I там працуе скульптар?
- Думаю, што так. Але... ты мне казаў, вярнуўшыся з Еўропы, што Пецярбург самы сумны ў Еўропе горад. Цяпер мне здаецца, што самыя сумныя ў гэтым сумным горадзе мы з табою. Сёння перадапошні дзень старога года, заўтра будзе апошні дзень, а там ужо новае стагоддзе. Што, дружа, нам рабіць на гэтай вайне?
Фердынанд падняўся з крэсла, прынёс і паставіў на столік перад сябрам штоф з даволі моцным напоем Варшавы.
Звычайна стрыманы ў маладых эмоцыях Пурвіт нейкую хвіліну разгублена маўчаў, углядаючыся ў штоф, быццам абдумваючы, што тут, на мяжы двух стагоддзяў, адбываецца, але раптам усмешка змякчыла яго строгі твар, ён артыстычна раскінуў гатовыя для сяброўскіх абдымкаў рукі і заспяваў:
У сонечных фарбах, нібыта жывую,
Убачыў мастак на сваім палатне
У твары Гэлены - Марыю Святую
З красою нябеснай на белым чале.
Фердынанд яму адгукнуўся з кухні:
- Наш Уладзіслаў Сыракомля?
- Амаль што. Калі не зважаць на агрэсію Гэлены Макоўскай, якая выпхнула з радка Сыракомлі Стэлу Фарнарыну, дачку рымскага хлебапёка, найпрыгажэйшую мадэль геніяльнага Рафаэля з Урбіна.
- Але ў Пецярбурзе гусары спяваюць не Сыракомлю.
Гэй, гусар!
Пей вино из полных чар...
Фердынанд прынёс і паставіў на столік фарфор з селядцом, абхапіў Пурвіта, і яны заспявалі разам "піцерскую".
15
Пачатак новага года стаўся не святлейшым за канец папярэдняга. Не святлейшымі былі і запісы ў дзённіку.
"Пецярбург. 01. 01. 1901.
Пры сустрэчы са "Светам мастацтва" заўсёды адчуваю, як я ім чужы, што ніколі не сыдземся. Пра гэта шмат размаўлялі з Пурвітам".
"Пецярбург. 10. 01.
На "серадзе" Куінджы вёў размову пра сучасныя варожыя адносіны грамадскасці да мастакоў-жывапісцаў. Відавочна, ён хоча стварыць супрацьдзейную сілу, заснаваную на еднасці ўсіх маладых мастакоў. Пра выставу "Свет мастацтва" сказаў, што свае падвялі. Мяне папракнуў, што я выставіў "Старыя яблыні" і эцюд з сінімі ценямі. Увесь час нас толькі абвінавачваюць - Пурвіта і мяне..."
"Пецярбург. 13. 01.
На нас пачынаецца аблава".
"Пецярбург. 14. 01.
... тое самае. Кожны выпускае на нас сваіх сабак, нацкоўвае, імкнецца абсмяяць і адчувае сябе ўпэўненым, бо ведае - яго ніхто не ўкусіць. Ужо пра бульварную прэсу не кажу, там нейкі канкан.
Маўчу, хоць пакутую, маўчу, бо не хачу належаць да шматлікіх, хто заўжды мае прэтэнзіі. Маўчу, бо хоць гэтая цярплівасць дае нейкую радасць".