Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 46

Віктар Карамазаў

- Вы да мяне? Гэта маё акно.

- Я ведаю, - прамовіла яна ў ражок пушыстага, з жоўтай лісы, каўняра, хаваючы за ім і слоўка, нясмела вымаўленае, і хваляванне. Але настрой з усмешкай разам блукаў, не хаваючыся, па ўсім твары, крынічыў у вачах. - Я ішла міма і ў акне заўважыла мальберт. Мне захацелася на ім убачыць вашу новую работу. Вы мне прабачце гэтакае нахабства, але...

- На жаль, убачылі ўсяго толькі мастака, які п’е каву?

- Не на жаль. Добры мастак усё робіць прыгожа. Мастак п’е каву - таксама карціна.

- А што бачылі акрамя гэтай карціны?

- Два дні таму вашы эцюды на выставе. Спадабаліся.

- І як вы маглі падумаць, што я іх аўтар?

Яе рука нервова сарвалася ўніз з каўняра. Фердынанд усім нутром успыхнуў, нібыта полымя на ветры, ад цеплыні, якою абдала яе прывабная, цяпер ужо на ўвесь твар, усмешка.

- А вы не памятаеце, з кім танцавалі мазурку ў Таўрыйскім палацы на польскім балі?

- З паненкаю Гэленай Макоўскай.

- I ўжо не пазнаяце? За адзін год забылі.

- Я вас пазнаў, Гэлена. Не адразу, бо снег замружыў, вас ад мяне хаваў. Ваш мілы твар як не пазнаць? Але адразу не мог паверыць.

Праз колькі хвілін яны ўжо сядзелі за круглым малым столікам, на якім ляжала палітра, стаялі ваза з пэндзлямі і вазачка з багданаўскім, з брусніц і яблыкаў, варэннем. Пілі з варэннем каву, паглядалі на эцюд, што стаяў на мальберце, і гаварылі пра ўсё, што ўсплывала ў молада-свавольных думках. Даўжэй, як на эцюд, глядзелі адно другому ў вочы.

- Ваша мама варыць цудоўнае варэнне.

- Адкуль вы ведаеце, што яго варыла мая мама?

- Яно празрыстае, як раса, і вельмі смачнае. Гэтакае можа зварыць толькі мама.

- Дзякуй за гэтыя словы. У мяне цудоўная мама.

- I вы яе любіце. Я не пытаюся. Я гэта бачу.

- Вельмі люблю.

Яе вочы затрымаліся ў цёплым позірку на яго твары, і яму падалося, што яна ўглядаецца не толькі ў ягоны твар, але глыбей, у душу, робіць гэта з удзячнасцю, быццам размова не пра яго, ёй незнаёмую маці, а пра яе родную. Хацелася сказаць штосьці яшчэ, ёй прыемнае, шчырае, і ён прызнаўся:

- Я часта ўспамінаю той баль, тую мазурку. I вашу сукенку, гармонію вашых любімых колераў.

- Нават? - Весела здзівілася яна. - Якіх маіх любімых?

- Карычневых цёмных, карычневых светлых, ружовых, залацістых. Цёплых. У гэтым тоне і вашы шыкоўныя валасы. Калі гляджу на вас, калі вас успамінаю, мне бачыцца адзін з самых абаяльных партрэтаў Ван-Дэйка.

- Эрцгерцагіні Ізабэлы? Ну што ж... учора зноў быў польскі баль. На жаль, не для нас.

Фердынанд насцярожыўся: магчыма, ведала, што ён быў там? Што адказаць на гэта? Што быў? Навошта? А прамаўчаць - няшчырым быць у адказ на яе шчырасць? О не, не мог.

- Я быў, Гэлена, там.