Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 45

Віктар Карамазаў

Выставу Дзягілева наведаў на другі дзень. Свае работы нечакана ўбачыў паміж работ вядомых у Еўропе майстраў жывапісу - нарвежца Таўлава і француза Менарда. Вочы кідаліся то да свайго, то да чужога, сваё з чужым параўноўваў і спачатку хваляваўся, як сціплы вучань перад строгімі настаўнікамі, а пасля, калі чужымі работамі надакучыла экзаменаваць свае, супакоіўся, нават сабою задаволены. Гледачоў было не вельмі, але знаёмых мастакоў, былых калегаў па Акадэмі, заўважаў, здзіўляўся, што нібы не пазнаюць, не падыходзяць. Едучы сюды, амаль год не быўшы ў сталіцы, уяўляў, якія шчырыя размовы будуць з калегамі па мастацтве. А што даў хоць і гэты, на выставе, дзень? Вастрэй, чым нават у вёсцы, адчуў, што тут цябе забылі, ты ўжо нікому не патрэбны. З’явілася ў галаве нават і помстлівая думка ў адказ: ну дык і мне ніхто тут не патрэбны. Але адразу спахапіўся, нібы спалохаўся: як гэта ніхто? А Куінджы? А Пурвіт? Зеўс у сэрцы непахісны. I Пурвіт. Яго цяпер у сталіцы не было - ад Зеўса ведаў. Але прыедзе. Без яго акадэмічная выстава не адкрыецца.

Апошняя думка крыху суцешыла. А тут і запрашэнне прыйшло на польскі баль. Візіты па гэтакіх запрашэннях рабіў раней, студэнтам Акадэміі, ад іх меў немалую асалоду, бо там заўсёды бачыў даволі шмат паненак, быў сярод іх у фуроры як малады мастак, па густу ім і з выгляду, і вольнымі манерамі, і вострым словам. З прыемнасцю, забыўшы на сваю самоту, пайшоў на баль, як у тыя маладыя дні. Але...

Таго, што раней, і там таксама не ўбачыў, не адчуў. Цяпер усе былі чужыя па думках, па настроях, нават знаёмыя былыя, і ён зрабіўся ім чужы. Былі, як і раней, паненкі, але ўвага іх цяпер была да афіцэраў, да маладых банкіраў і чыноўнікаў, мастак нікога не цікавіў. Вярнуўшыся дадому, сказаў сабе: усё тое - не маё, мяне там больш не будзе.

А раніцай прачнуўся і не адразу нават успомніў, дзе бавіў надоечы свой вольны вечар. Ляжаў, пакуль увагу не звярнуў на дзіўнае, нібы ад навагодняй ёлкі святло ў акне. З ложка ўсхапіўся. Снег ціха сыпаў за акном на брукаванку, і ад яго паветра ў майстэрні зыбалася, як жывое. Вочы натрапілі на "Крэва". Дзіўна-празрыстыя, драбнютачкія цені гулялі па палатне ў загадкавай, без хоць якога ветру, завірусе. Бачыў як перапісаную невядома кім за ноч карціну.

Выйшаў на кухню, заварыў каву. З гарачым кубачкам у руках вярнуўся да акна. Снег яшчэ сыпаў. Глядзеў то на яго, на снежнае паветра, то на "Крэва" ў рухомым ранішнім святле і адчуваў паміж іх, праз акно, паразуменне. Душою адчуваў, а выславіць не мог.

Калі яшчэ раз позірк ад эцюда перакінуўся на той, што за акном, пейзаж са снегам, заўважыў зусім блізка, адразу за акном, жанчыну. У доўгім паліто, якое не магло схаваць яе прывабнай маладой фігуркі, яна стаяла прысыпаная снегам, нібы снягурка з казкі, а твар пад капялюшыкам за белаю парошай не хаваўся, быў ясны, нібыта снег яна ўвесь час з яго змятала чырвонай рукавічкай, якую трымала ў руцэ ля вуха, і ён, не толькі прывабны, але, як падалося, яшчэ і смелы, магчыма нават дзёрзкі, уважліва ўглядаўся ў акно на мастака, нібыта штосьці пэўнае хацеў убачыць і сказаць. Рукі з кубкам апусціўшы на падаконнік, вачэй не мог адвесці ад пэўна ж яшчэ паненкі. Яна яму ўсміхнулася - ён адказаў усмешкай. Яе прывабнасць затрымалася на твары - ён разгубіўся: твар быў знаёмы. Але раней дзе яго бачыў? Доўга не гадаючы, з кватэры пад снег выбег у адной сарочцы. Яна ўжо стаяла каля ганка.