Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 44

Віктар Карамазаў

Радасць ад пачутага пра валоў змяшалася з роспаччу пасля незразумелых уражанняў Куінджы ад эцюда, і ў гэтым стане, блізкім да разгубленасці, Фердынанду падалося, што хтосьці зноў пастукаў у дзверы. Вярнуўся Зеўс, як бывала неаднойчы, калі, чымсьці ўсхваляваны, выходзіў з майстэрні і ў хуткім часе з’яўляўся зноў, каб штосьці яшчэ сказаць або яшчэ раз паглядзець на нейкую работу вучня? Фердынанд паспяшаўся адчыніць дзверы: за парогам стаяў мужчына ў блішчастым футры, нібы святлом ад месяца аблітым, пад высокай, часоў Івана Грознага, шапцы баярына з тым самым срэбным бляскам. Ён шапку падкрэслена-ўрачыста зняў, пакланіўся, стрымана ўсміхнуўся і сказаў:

- Мяне вы, бачу, не пазнаяце?.. Я Дзягілеў.

- Ах!.. - спахапіўся Фердынанд. - Вы ўжо тут? Я атрымаў ваш ліст. Удзячны за прапанову.

- I я таксама вам удзячны, што пагадзіліся, як бачу, прыняць удзел у нашай выставе. З дарогі адпачываеце? Калі я тут не ў самы спрыяльны для вас час, прашу дараваць. Выстава гатовая да адкрыцця. Спяшаўся ўбачыць вас і вашы новыя работы.

Пераступіўшы парог і як не пачуўшы прапановы зняць футра, госць адразу, нібы ў знаёмай яму кватэры, прайшоў у майстэрню, дзе на падлозе ля сцяны стаялі карціны, якія Фердынанд паказваў Куінджы. Знаёміць з "Зямлёю" не хацеў, падрыхтаваўшы яе на галоўную для сябе акадэмічную выставу, тым больш, што Куінджы яе не толькі бачыў, але і блаславіў. Ды госць ужо спыніўся ля карціны. Прыбраць з вачэй спазніўся, і выйсце з непрыемнага становішча цяпер было адно: хутчэй звярнуць увагу на "Лістападаўскі світанак", што і зрабіў, паставіўшы работу бліжэй да "Зямлі". Углядаючыся то ў адну карціну, то ў другую, госць не спяшаўся выказацца пра іх і пацікавіўся, ці ёсць зімовыя матывы, успомніўшы ды ўхваліўшы леташні заледзянелы "Млын". Фердынанд паказаў на "Крэва". Госць слізгануў па ім вачыма, не зачапіўся і зноў павярнуўся тварам да карцін.

- Поле з валамі? Арыгінальна. Але, прызнаюся, я гэтакага не бачыў ні ў натуры, ні ў мастацтве. Магчыма, што тэма для кагосьці значная, але...

- Яшчэ нібы меў штосьці пра валоў сказаць, ды не адважыўся, загаварыў пра "Лістападаўскі світанак": - Ёсць рух паветра. Падабаецца карэта. Але дарога, снег... Тут шмат алеаграфічнага, невыразнага. Хацелася б убачыць матыў цалкам зімовы.

Былі яшчэ ў Фердынанда тры эцюды, якія не паказаў Куінджы, каб не псаваць яму настрой ад валоў, але з Дзягілевым размова ладзілася іншая - прынёс, і госць павесялеў адразу.

- Ну што ж вы ад мяне хавалі гэты цуд? Вось тое, што трэба. Прырода ў маім настроі. Бяру. Усе тры. Іх пастарайцеся прывезці сёння або заўтра як раней.

Работы Фердынанд развёз, што - у Акадэмію, што - да Дзягілева, пакінуўшы ў сваёй майстэрні "Крэва". Праз дзень адкрыўся вернісаж у Дзягілева, але быць там не змог: прастудзіўся на пранізлівым гарадскім ветры і да вечара вымушаны быў дома лячыцца гарачым малаком з содай. Праўда, пазней прыехаў знаёмы лекар, забраў да сябе і ў яго, пад доктарскім наглядам ды яшчэ і пад музыку Шуберта, з прыемнасцю і карысцю правёў увесь вечар.