Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 42

Віктар Карамазаў

- Дык ты паслухай бацьку. Ён пра Літву ўсё чытаў, што мог знайсці ў Вільні, у Менску, у Польшчы, у Расіі. У Бярэсці, як там вучыўся на кадэта, быў у яго настаўнік, які шмат ведаў пра Літву...

Праз дзень-другі Фердынанд пачаў збірацца ў Пецярбург на дзве выставы, Акадэмічную вясновую і "Света мастацтва", першую з якіх курыраваў Куінджы, другую - Дзягілеў. Яны абодва чакалі яго з новымі работамі. А што мог паказаць? З карцін - "Зямлю" і "Лістападаўскі світанак", з эцюдаў - "Восень", "Вечар", "Веснавое". Да эцюдаў быў далучыў і "Крэва", але, падумаўшы, адставіў. Як везці, калі сумненні точаць, дазволу не даюць? Пагадзіцца з маці ды бацькам? Але ці можа бацька, ніколі не трымаўшы ў руцэ пэндзля, акрамя малярскага, глыбей убачыць і адчуць работу жывапісную за аўтара, які пяць год вучыўся гэтаму ў Акадэміі?

У апошні перад ад’ездам дзень сеў перад "Крэвам", задумаўся. Калі пісаў з натуры, каменне замчышча глядзелася магільнікам, стварыць з яго мастацкі твор, як тады думалася, мог толькі колер. Гэтак і працаваў, шукаючы цікавы каларыт, ва ўсім астатнім, нават у кампазіцыі, даверыўшыся натуры ды інтуіцыі, як і звычайна рабіў натурныя эцюды. Але дзень пачынаўся мглісты, святло за вокнамі і ў майстэрні было мяккім, снег на дзядзінцы і за ім, прысыпаўшы руіны, змякчаў кантрасты, і гэта ўзвышала на першым плане два самыя буйныя злепкі камянёў, падобныя на падмуркі кутніх вежаў: адзін - з усходу, другі - з захаду. Каменны друз між іх глядзеўся патрушчанай ахвярай, і тут ужо не каларыт найперш кідаўся ў вочы, а кампазіцыя матыву, кантраст двух планаў, у якіх прачытваўся і вобраз, і гістарычны змест. Літва ў выглядзе парэшткаў Крэва, упляжаных у снезе, паміж вялікіх дзвюх дзяржаў у чырвона-шэрым каларыце, усё роўна як аблітых крывёй і попелам сваёй ахвяры.

Усхваляваны, ажно знясілены нечакана моцным адчуваннем, Ферды­нанд адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы, з палёгкаю і шэптам уздыхнуў:

- Ух, тата!.. Як шмат ты бачыш у маім матыве.

9

"Пецярбург. 06. 01. 1899.

Распакоўваю карціны.

Ужо на другі дзень па прыездзе ў венцаносную сталіцу Рушчыца наведаў Куінджы. Нібыта прыляцеў на крылах: расхрыстана-гарачы, неспакойны. Калі селі адзін супраць другога, глядзелі, задаволена ўсміхаючыся, адзін аднаму ў вочы, настаўнік прызнаўся:

- Спяшаўся, а сэрца зусім не тое, што было, каб спяшацца, хвалявацца. Задыхаюся.

Фердынанд параіў:

- А гэтак не трэба. Хай вучні вас шукаюць. Іх тут, у сталіцы, шмат. Наша майстэрня ўся, мабыць. Да ўсіх не набегаецеся.

- Усе тут. Акрамя вас. Але не ўсіх я бачу.

- Працуюць?

- Гэтаю думкай суцяшаюся. Як серада, свае дзверы адчыняю для ўсіх. Хтосьці прыходзіць. I вы, пакуль тут будзеце, прыходзьце. Буду рады. А цяпер паказвайце, што прывезлі.

- Пачнем творчую справаздачу за... год?

- Хай будзе так. Калі вы не супраць.

Фердынанд выставіў "Лістападаўскі світанак". Прыгледзеўшыся да карціны, Куінджы параіў зрабіць больш выразным лёд на дарозе, астатняе не чапаць. Па стрыманай рэакцыі не цяжка было здагадацца, што захаплення работа не выклікала і дапрацоўкамі яе не палепшыш, бо недахопы не ў тэхніцы, а ў матыве, мала цікавым. Весці размову далей сэнсу не мела, і Фердынанд прынёс "Зямлю", паставіў побач. На гэтую карціну Куінджы зрэагаваў адразу, нібыта іншым сэрцам: падхапіўся з крэсла, адышоў ад карціны далей, як дазваляў пакой, зноў наблізіўся, зноў адышоў. Вочы заблішчэлі, кожны крок і рух былі рашучыя, хуткія. Рукой схапіўся за бараду, нервова пацерабіў, прыгладзіў, як перад люстэркам. Цяпер усё ў ім выдавала задаволенасць.