Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 32
Віктар Карамазаў
Успомніў, што напісаць багданаўскае поле марыў і летась, і пазалетась, але не гэтае. То жыта наліўное захапляла, то лапушыстыя бульбяныя шнуры, то грэчка ў час квецені, палі ў аздобе васількоў па межах, у іх прасторы дубы ды ліпы векавыя глядзеліся з не меншай веліччу, як хвоі ў Шышкіна па жыце, а лён з цыкорыем - таксама казка. Але ўсё тое бачыў у колеры, як краявіды. Там - лірыка, тут - эпас. Звычайна бачыў красу ў прыродзе, а тут усё пад гарбом мазольным: валы, мужык і нават зямля, поле. Здзіўляўся сам, як гэтак атрымалася, што ён, заўсёды ўражаны красой прыроды, у каларыце знаходзячы натхненне для работы, не пазбягаючы і казачных матываў, адчуў і ўбачыў у прыродзе натуру як бы не сваю, не ў сваіх настроях, праўду сярмяжную, нават тыповую ў сярмязе не толькі для вала ці мужыка, а і для краю роднага. Уразіў матчын успамін? Але ж ён быў лакальны, як выпадковы штрых, малюнак, а тут, у межах палатна, - гісторыя, праўда эпічная. З якіх крыніц у ім, у лірыка, рамантыка, з’явілася ахвота гэта пісаць?
Не ўсё, што ўжо было на палатне, мог вытлумачыць, не ўсё яшчэ, працуючы над тэмай і тры дні, і чатыры, адчуваў, што ўжо ёсць і чаго яшчэ няма, бо і сябе, сваю душу, не разумеў да канца. Але валы ўжо знайшлі ў карціне сваё месца, глядзеліся не толькі як ахвярнае цягло, але і як прырода, магутная ды непакорная, глядзеўся і мужык за імі і над імі. Адчуўшы гэта, сеў Фердынанд за сшытак і ў ім пакінуў запіс:
"Нарэшце размясціў валоў. Усё мяняў, перарабляў. I не шкадую. Гэта добра. - Адсунуў ад сябе сшытак, каб устаць з-за стала, але задумаўся, нібы над тым, ці ўсю праўду сказаў. Зноў сшытак да сябе падсунуў, дадаў радок: - Валы, здаецца, атрымаліся. А ці тое, што трэба, неба?"
Адны сумненні супакойваў - з’яўляліся другія. Але яны, калі ўжо карціну бачыў перад сабою не ў кавалках - цалкам, не хвалявалі. Нават тады, як у майстэрню заглядала маці, яго тут, у Багданаве, суддзя, эксперт мастацкі, больш строгі часта, як сам ён. Садзілася перад карцінай у крэсла, з кішэні даставала акуляры, даўжэй, як звычайна, у сваім пакоі ці на кухні, працірала ражком хусцінкі шкельцы, а ён стаяў паміж новай карцінаю і ёю, як некалі перад Куінджы, чакаў, што скажа.
Цяпер яна прыйшла, калі ўбачыла, што не хвалююць яго ўжо валы, што непакоіць іншае. Зноў села ў крэсла, працёрла і надзела акуляры, углядалася ў карціну доўга. Спытала:
- Адсюль куды ты павязеш работу?
Пытання гэтакага не чакаў:
- Ну як куды?
- Каму яе пакажаш?
- Павязу ў царскую сталіцу, там будзе вясновая акадэмічная выстава. Амаль адначасова з ёю адкрыюцца выставы Дзягілева, перасоўная. На перасоўную я не замахваюся, але акадэмічная - мая, і запрашае Дзягілеў.
- Але, сынок... мне здаецца, што ты з гэтай карцінаю або спазніўся, або паспяшаўся. Перасоўнікі гэтак раней пісалі, калі былі сапраўднымі народнікамі, ішлі ў народ, народу спачувалі. Цяпер яны тваіх валоў і мужыка не зразумеюць. А Дзягілеў? Яго хвалюе "Свет мастацтва", мастацтва там