Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 31
Віктар Карамазаў
Ноччу сасніў поле, сваё ці не сваё, адразу пазнаць не мог, хоць адчуваў быццам сваё. Імжыў ціхі дождж, і яно, узаранае, ляжала аж чорнае, але блішчэла, як ад святла пад месяцам. На краі поля, каля мяжы, пад парасонам стаяла маці, на тым нібыта месцы за дробным бярэзнікам, дзе ўдваіх надоечы стаялі. Чуваць быў злосны, з матам, мужыцкі голас і ціхі, спачувальны, мамін: "Навошта ён гэтак на бедную жывелу?" Фердынанд глядзеў у той бок, куды глядзела маці, адкуль голас чуўся, нікога там не бачыў. I раптам над рысаю, за якой поле знікала і пачыналася неба, заўважыў нейкі рух, штосьці жывое. Дзве галавы рагатыя, адна з адной як звязаныя, з зямлі ўзнімаліся, буйнелі. Пад імі, ужо буйнымі, заўважыў ногі жывёлы ў калматай рудой поўсці, пераступалі, як на адным месцы мясілі гліну, і крыху вышэй, за імі, два тулавы, спіны гарбатыя. Быкі? Марудна набліжаліся яны, і набліжаўся тым самым малым крокам да іх нібы прывязаны, за імі следам, мужык у доўгай кашулі, махаў над галавой і над быкамі бізуном.
Прачнуўшыся, Фердынанд ляжаў у ложку і думаў, з чаго сон узяўся. Успомніў, як маці казала пра валоў, якімі ў Багданаве аралі поле, калі яна за бацьку выйшла, сюды прыехала. Адтуль і сон з валамі, з мужыком, аратым на гарбатым полі? Яны ад веку разам, паміж сабой як звязаныя адною доляй. Дык што гэта? Ці не карціна новая? Пачатая ў сне?
Увесь дзень прастояў ля мальберта. А што зрабіў? Ад раніцы шмат у вачах і думках здавалася цікавым, новым. Малюнак карціны, якую, быў упэўнены, адчуў, быццам намаляваў у сне нават у дэталях, усё было, каб выбудаваць вобразы, агульную ідэю, тэму твора. Поле, валы, араты - ніякай лішніцы. Сцёр учорашні на палатне вугаль, паклаў усе гарызанталі, вертыкалі, знайшоў адразу дынамічны контур поля: не выдумляў, з натуры перанёс, каб поле, аснова будучай карціны, было сваім, у душы будзіла радасць. Ад палатна адышоў, даў волю сумненням і нішто не зганіў. Паспрабаваў намаляваць валоў, але адчуў, што месца, ракурс іх у агульнай кампазіцыі павінна вызначыць святло - пачаў шукаць тон і фактуру зямлі і неба. Ды тут ужо тое, што здавалася ледзьве не вырашаным, аказалася далёка не простым. Як быццам знайшоў прапорцыі зямлі і неба, зямлі, хоць і было тут поле роднае, не даў прасторы, даў небу ўладу, глыбіню, якое і раней не крыўдзіў у сваіх работах, усё зямное ім вымяраючы і вызначаючы, ужо клаў колер плямамі, між іх шукаў танальныя адносіны, і раптам пра валоў, пра мужыка падумаў - спахапіўся. Карціна - не чысты пейзаж, не краявід, на якіх рука набітая? Тут - што галоўнае? Што - дамінанта? Хіба не мужык, не яго доля? А як глядзецца будзе ён, калі валоў паставіць буйным планам, калі валы на гледача карціны пойдуць? Мужык - за імі, за сахой ці плугам - у дальняй перспектыве? Адтуль што зможа ён сказаць людзям, якія будуць разглядаць карціну? Дык дзе валоў паставіць, каб мужыка не заганялі ў кут? Каб і яны глядзеліся, і ён?
Шукаў ім сваё месца і не знаходзіў. Даймаць пачалі сумненні: а ці патрэбны тут мужык і ці патрэбныя валы? А як без іх? Тады навошта поле?