Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 30

Віктар Карамазаў

- Але там, кажуць, іншае святло?

- Сонейка Бог даў адно на ўсіх. Святло і там бывае рознае. Там вочы весялейшыя ў людзей. Мы тут бачым зашмат шэрага. Баімся чыстых колераў.

- Баіцца і Куінджы? - раптам спытала маці. Яе пытанне здзівіла Фердынанда.

- Не, мама, не. Архіп Іванавіч - само святло.

- Таму яго баіцца шэрань?

Фердынанд спыніўся. Спынілася і маці. Ён ёй глядзеў у вочы, яна яму глядзела ў вочы, усё роўна як паміж іх працягваўся нячутны, але цікавы абодвум дыялог.

- Ён, мама, грэк, святло ў яго ў крыві.

З бярэзніку выйшлі на мала ўкатаную мурожную дарогу паўз гарбатае, прыбранае ўжо поле. Перад тым полем Фердынанд зноў спыніўся, здзіўлены, не мог поле пазнаць.

- Не тут, - сказала маці. - Сёлета наша бульба далей, за гэтай выспай, а тут мы жыта сеялі. Жнеям пашанцавала, была пагода. Скапаем бульбу, тады ўжо і там, і тут пераарэм. Каб толькі да дажджоў управіцца. Зямля на гэтай выспе цяжкая, суглінак, у дождж цяжка араць. Раней тут на валах аралі.

Маці, задумаўшыся, ішла далей, а Фердынанд стаяў, глядзеў на поле. Сухое ржышча свяцілася пад сонцам, іскрылася, нібыта россып залатога зерня.

Маці спынілася. Чакала сына.

Шэрая хмара схавала сонца, і поле адразу пагасла, зрабілася таксама шэрым і яшчэ больш гарбатым.

Увечары, вярнуўшыся з бульбы, Фердынанд падняўся на другі паверх у сваю новую майстэрню да мальберта, паставіў на яго падрамнік з чыстым палатном, адышоў і сеў насупраць у крэсла. Глядзеў на палатно. Яшчэ там не было ніводнага дотыку пэндзля, не гулялі ні вугаль, ні аловак, але вачэй з палатна не зводзіў, яны захоплена блішчэлі, як бачылі штосьці новае, выдатнае. Усхапіўся з крэсла, падышоў да мальберта, узяў вугаль і дакрануўся ім да палатна, але руку адразу апусціў, пакінуўшы на палатне адну ўсяго кропку вугалем. Зноў адышоў да крэсла, але не сеў, стаяў - глядзеў на палатно. Другі раз падышоў больш асцярожна і вугалем правёў на палатне адну ўсяго лінію ад левага ніжэйшага кута направа скрозь да краю, то падымаючы яе вышэй, то апускаючы ніжэй, выпісваючы дугу і ў нейкіх месцах спрамляючы яе. Па той дузе паставіў рыскі - адну, другую, трэцюю, - рашуча адышоў да крэсла і апусціўся ў яго адразу. Глядзеў на палатно, пакуль на ім была відаць гарбатая, злева направа, лінія.

У вокнах за лесам садзілася сонца, залаціла яго зялёны грэбень і далёкі збег неба, а ў майстэрні ўжо сцямнела, размытай па краях светлай плямай стаяла на мальберце палатно, і не было відаць той, ад вугаля, крывой, злева направа, лініі. Толькі цяпер Фердынанд адчуў усім целам, як стаміўся. Заплюшчыў вочы.