Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 29

Віктар Карамазаў

Парыж і далей:

"Была ўжо палова шостай. Выстава Клода Манэ зачынялася, і я наведваў яе ў апошнія паўгадзіны. Шчаслівая магчымасць. Узіраючыся ў расплаўленыя фарбы, у дзіўна перададзенае мастаком паветра, я адчуў шмат таго, чаго раней не ведаў. Няхай гэта будзе маім апошнім уражаннем ад мастацтва ў Парыжы".

Рушчыц высока цэніць усё індывідуальнае, арыгінальнае, новае. I ў мастацтве, і ў іншых праявах жыцця, у характары, у паводзінах чалавека. Ён шчаслівы, калі штосьці патрэбнае, выдатнае выяўляе сам і гэтую магчымасць ахоўвае як найвышэйшую каштоўнасць.

Праз колькі дзён - Базель...

Якое шчасце, што я паехаў праз Базель - дзеля... Бёкліна мог бы зрабіць і яшчэ даўжэйшае падарожжа. Гэта - для мяне".

I зноў, і тут адчуваецца яго задаволенасць, што вандруе адзін, самастойна, што ні ад каго не залежны ў выбары дарог, бо не ўбачыў бы ў гэтым падарожжы Бёкліна, яго работ, калі б быў не адзін, а з тымі, каму Бёклін усяго толькі непажаданы ўплыў Захаду на беззаганнасць расійскага мастацтва.

Нечакана падарожніка знаходзіць ліст з Багданава. Рады яму, ён адразу адпісвае дадому:

"Бачу, што лета ў нас падвяло гаспадароў. Прыгожа паказвала на ўраджай, але холад і дажджы вельмі нашкодзілі. Дай Божа, каб атрымалася ўдала закончыць сенаванне і жніво. Сумна мне, што калі Тата мае столькі клопатаў у гаспадарцы, я тут атрымліваю шмат прыемнасцяў..."

Там, за мяжой, у Рушчыца абвастраецца жаданне вярнуцца дадому. Аказваецца, што душа яго не падарожніца. Бацькам і самому сабе ён прызнаецца: "Бачым і захапляемся прыгажосцю іншых краін... Аднак любім толькі сваю. Адчуваем, што яна нам, а мы ёй належым..."

І вось ён зноў у Багданаве.

Верасень. Надвор’е цудоўнае для працы ў полі і за мальбертам. Яшчэ ні восеньскіх дажджоў ды халадоў, ні ветру. Самая пара капаць бульбу, і ўсе гаспадары ў полі. Там з раніцы і бацька з работнікамі, з коньмі. Там сёстры Ганна і Вольга. Туды, на сваё поле, праз малады бярэзнік, прашыты сонечнымі прамянямі, ідуць і Фердынанд з матуляй. У празрыстым паветры насустрач лятуць, зіхацяць на сонейку, на твар садзяцца, ліпнуць казытлівыя павуцінкі, з бяроз пад ногі аблятае рана пажоўклае лісцейка, паветра з палёў даносіць салодкі водар пасохлага бульбоўніку, гаркава пахне ад вогнішчаў на бульбяных палетках. Фердынанд з замілаваннем пазірае на маці, ідучы побач, усміхаецца. Яшчэ зусім нядаўна, учора-пазаўчора, то ў Францыі, то ў Італіі, то ў Швейцарыі, углядаючыся ў шэдэўры прыроды, жывапісу, архітэктуры, думаў, якое шчасце выпала яму іх бачыць і як не хапае гэтакага хараства ў родным краі, а тут, як адчуваў цяпер, красы не меней, яна тут проста іншая, бо з іншымі людзьмі, з народам іншым у гармоніі, у адзінстве. З сваёй красою звыкліся, таму і мала заўважаем, цэнім. Мастак патрэбны, каб вочы на сваю красу людзям адкрыць.

Фердынанду рупіць сказаць гэта маці, а яна, ідучы, зноў пазірае на яго, пытаецца:

- Табе там сумна не было сярод чужых людзей?

Няўжо адчула тое, што падумаў? Колькі разоў ужо па прыездзе гэта заўважаў у ёй, здзіўляўся кожны раз.

- Мне, мама, сумна не бывае там, дзе чысціня, культура, дабрыня, краса. Як мала гэтага, тады сумую. Тады ратуюся ў думках пра цябе, пра тату, пра наш дом, наш сад. - Нібыта на пытанне адказаў, але хацелася сказаць і большае. - Краса, я думаю, чужой нікому не бывае. Яна, як ёсць, слугуе не аднаму камусьці, не аднаму нават таму, хто яе стварыў, не аднаму народу, хоць ён і гаспадар яе, як Бог стварыў - не аднаму і Богу, яна слугуе ўсім, каму патрэбная. Калі я глядзеў на палотны Клода Манэ, захапляўся яго жывым паветрам, то адчуваў тое паветра як сваё, багданаўскае, вось гэтае, у гэтым бярэзніку.