Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 11
Віктар Карамазаў
3 Мура выйшаў у сад. Цяпер, як ён адцвіў, як дрэвы атрэслі на малады мурог святло апошняй квецені, было тут зацішна і нават сумнавата. Пад яблыняю сеў - зноў музыку пачуў, нібыта вецер дзьмуў у дудачкі Фаўна. Здзівіўся: чаму думкі пра Фаўна, якога трэба пісаць, абудзілі ўспамін пра леташняе падарожжа, ды і не ўсё, а толькі наймілейшыя з яго тры дні, якія правёў з Алізабет Бунк? Аднойчы яны падняліся на скалу, там ён маляваў, пасля паказваў ёй свае сямейныя фотаздымкі, знаёміў з мамай, татам, сёстрамі, з домам і садам у Багданаве. Яшчэ быў дзень, калі падаліся з Алізабет у Арконы, на поўнач выспы, дзе шмат славянскіх святыняў. Зранку прайшоў моцны дождж, было коўзка, караскаліся, нібы малыя, на гару, а каўзата скідала ўніз. Хапала жартаў, рогату, і там ужо Фердынанд адчуў, што Ліза яму як сястра, свая душой і думкамі, усё роўна як абое з адной сям’і. Ён ёй малюнак падарыў, а яна пасля яму прынесла кніжачку са сваімі вершамі. Тыя вершы раней нікому не чытала і не паказвала, яшчэ ніхто не ведаў нават з самых блізкіх пра яе кніжачку. Гэта яго вельмі ўразіла, бо атрымоўвалася, што ён ёй самы блізкі чалавек. А перад ад’ездам у іх выдалася цудоўная ноч на моры. Мора колькі дзён штарміла, грозныя хвалі накатваліся і разбіваліся аб скалу, не падпускалі да яе, усё роўна як абаім на зло шалеў Фаўн, і раптам, у тую апошнюю ноч, усе злыя сілы ў моры і на беразе супакоіліся, зрабілася гэтак ціха, аж чуваць было, як сэрца тахкае. Тады заззяла зорка ў небе, адбілася ў моры светлым вокам.
Захоплены ўспамінам тае ночы, Фердынанд не заўважыў, як падышла маці. Пачуў ужо блізкі голас:
- Я, сын, бачу, што ты, калі нечым засмучоны, ідзеш далей ад дому, у лес ці ў поле.
Фердынанд абняў матулю, прытуліў да сябе.
- А ты не памыляешся. Я не хачу вас з татам азмрочваць сваім кепскім настроем.
- Не ладзіцца з дыпломам?
- Яшчэ не ўсё зрабіў.
- Але сёння ты весялейшы.
- Бачыў сон. Памятаеш, як я табе казаў пра Лізу Бунк?
- Я радая, што там, на востраве, дзе Данія, мая радзіма, у цябе з’явілася сяброўка. Там у нас цудоўныя паненкі.
- Але... я казаў табе і пра Фаўна, што пішу яго на дыплом ды не вельмі бачу ў сваім асяроддзі. Гэта мой Пан, бог лесу. Была думка пісаць пад сярпом месяца, а тут, ува сне, я ўбачыў яго на скале ў моры пад першаю вячэрняй зоркай.
- Цудоўна. Так і пішы, як бачыш. На скале пад вечаровай зоркай.
- Не, мама, ты не ўсё зразумела. Як я магу яго гэтакім пісаць, калі ён сядзеў на нашай з Лізаю скале, на якой мы з ёю сустракаліся? Там былі мы, а цяпер там ён, Фаўн.
Тут маці рассмяялася:
- Зараўнаваў Лізу да Фаўна?
- Табе смешна?.. Я згодны - гэта смешна. Але як сэрцам і душой яго пісаць мне на скале, дзе былі я і Ліза?
- Дык ён жа бог, сыночак. Ёй ты патрэбны, а не Фаўн.