Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 8

Уладзімір Караткевіч

Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з'явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.

Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва «мушкет».

Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б'юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.

І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.

Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.

«Добрая дапамога для гаспадыні», — з горыччу падумаў я.

А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў «апартаменты». Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.

Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!

Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.

Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма — вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне — мастацкай работы выгінастыя краты.

Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен — яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія — ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці — вісюлькі яе абабіты больш чым напалову.

Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.

Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў: