Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 6
Уладзімір Караткевіч
— Гінем, пане. Тут і гамон.
Але мне не хацелася паміраць. Я схапіў руку фурмана, расціснуў яму пальцы і, выхапіўшы пугу, пачаў хвастаць па тым месцы ў цемры, дзе павінны былі быць коні.
Нехта нема закрычаў такім голасам, што коні, відаць, спудзіўшыся, шалёна тарганулі вазок, ён задрыжаў увесь, як быццам таксама намагаўся вырвацца, пасля штосьці голасна цмокнула пад коламі.
Вазок нахіліўся, затросся яшчэ мацней, загігатала кабыла. І штосьці здарылася. Вазок зноў пакаціўся і хутка загрукатаў па нечым цвёрдым. Толькі тут я зразумеў, што нема крычаў не хто іншы, як я. Мне стала сорамна.
Я збіраўся ўжо было папрасіць фурмана, каб ён спыніў коней на гэтым адносна цвёрдым, каб перачакаць ноч, але тут дождж быццам зрабіўся рэдкім, і адначасова штосьці мокрае і калючае хвастанула мяне па твары. «Яловая лапа, — адзначыў я. — Значыцца, гэта лес. Коні спыняцца самі».
Але прайшоў час, лапы яшчэ разы са два дакраналіся да маёй галавы, а вазок не скакаў па карэннях, каціў роўна і гладка. І коні аніводнага разу не спыніліся.
Значыцца, гэта была лясная дарога.
Я вырашыў, што яна павінна кудысьці давесці нас, і аддаўся на волю лёсу. І сапраўды, мінула, можа, хвілін трыццаць, і наперадзе замігцеў цёплы жывы агеньчык, такі ружовы і прывабны сярод гэтай золкай і мокрай цемры.
Праз некаторы час можна было пабачыць, што гэта не хата палясоўшчыка і не будан смалакура, як я падумаў быў спачатку, а нейкая вялікая будыніна, занадта вялікая нават для гарадскога дома. Перад ёю — клумба, вакол мокрыя шаты дрэў, чорнае жарало яловай алеі, адкуль мы выехалі.
Ганак быў пад нейкім высокім навесам, на дзвярах вісела цяжкае бронзавае кальцо.
Спачатку я, потым фурман, пасля зноў я грукалі гэтым кальцом у дзверы. Грукалі нясмела, грукалі трошкі мацней, білі кальцом наводмаш, спыняліся, клікалі, пасля білі нагамі — хоць бы які водгук.
Нарэшце за дзвярыма захадзілі, няўпэўнена, нясмела. Пасля пачуўся аднекуль з вышыні сіпаты жаночы голас:
— Хто такія?
— Мы падарожныя, цётухна, пусціце.
— А ці не з палявання вы часам?
— Якое там паляванне, мокрыя ўсе, ледзь на нагах стаім. Дальбог, пусціце нас.
Голас змоўкнуў, пасля з нейкімі ноткамі нерашучасці спытаў:
— А хто ж вы такія? Прозвішча як?
— Беларэцкі маё прозвішча. Я з фурманам.
Бабуля за дзвярыма раптам пажвавела:
— Граф Беларэцкі?
— Спадзяюся быць графам, — адказаў я з плебейскай непачцівасцю да тытулаў.
Голас пасуровеў:
— Ну і ідзі сабе, добры чалавек, туды, адкуль прыйшоў. Бачыце вы, ён на графства спадзяецца. Жартачкі начныя! Пайшоў, пайшоў. Пашукай сабе дзе-небудзь у лесе бярлог, калі ты такі спрытны.
— Бабуля, — узмаліўся я, — з радасцю пашукаў бы, каб не непакоіць людзей, але ж я не тутэйшы, я з павета, заблукалі мы, сухой ніткі няма.
— Прэч, прэч, — сказаў няўмольны голас.
Іншы чалавек, можа, схапіў бы ў адказ на гэта камень і пачаў бы біць у дзверы, сыплючы праклёны, але я нават тут не мог пазбавіцца думкі, што гэта дрэнна: сілком драцца ў чужую хату. Таму я толькі ўздыхнуў і звярнуўся да фурмана: