Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 10
Уладзімір Караткевіч
Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава.
— Ты — маленькі чалавек, — як быццам казаў яе позірк, — што ты зведаў у жыцці? О, каб ведаў ты, як палаюць паходні на сценах залы для піроў, каб ведаў ты, якая насалода цалаваць да крыві каханкаў, дваіх звесці ў бойцы, аднаго атруціць, аднаго кінуць у рукі кату, дапамагаць мужу страляць з вежы па наступаючых ворагах, яшчэ аднаго каханка амаль звесці ў магілу сваім каханнем і пасля ўзяць ягоную правіну на сябе, скласці нз эшафоце сваю галаву з высокім белым ілбом і складанай прычоскай.
Клянуся жыццём, так яна мне і сказала, і хоць я ненавіджу арыстакратаў, я зразумеў перад гэтым партрэтам, якая гэта страшная штука «род», якую пячаць ён накладае на нашчадкаў, які цяжар старых грахоў і выраджэння кладзецца на іхнія плечы.
І яшчэ я зразумеў, якія незлічоныя дзесяцігоддзі праляцелі над зямлёю з тых часоў, калі гэта жанчына сядзела перад жывапісцам. Дзе яны зараз, усе гэтыя людзі з гарачай крывёю і палкімі жаданнямі, колькі стагоддзяў прагрукацела па іх спарахнелых касцях?
Я адчуваў, як вецер гэтых стагоддзяў праляцеў за маёй спіною і ўзняў валасы на маёй галаве.
І яшчэ я адчуў, што ў гэтым доме стаіць холад, жахлівы холад, якога не выгнаць нават камінамі, што гараць дзень і ноч.
Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма, пах пылу і мышэй і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду.
О, які гэта быў холад! Каб пазнейшых нашых дэкадэнтаў, якія апявалі занядбаныя панскія замкі, пакінуць тут хоць бы на ноч, яны хутка запрасіліся б на траву, на цёплае сонейка.
Пацук смела перабег па дыяганалі залу. Мяне перасмыкнула. Я зноў павярнуўся да партрэтаў. Але пазнейшыя партрэты былі таксама іншымі. У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з'едлівасць. І жанчыны іншыя: вусны занадта пажадлівыя, позірк манерны і жорсткі. І відавочна слабелі рукі: за белай скурай як у мужчын, так і ў жанчын бачны былі блакітныя жылкі. Плечы ставалі вузкімі і пададзенымі наперад, хоць юрлівасць нават мацнела ў выразе твараў.
Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў.
Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду…
Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго.