Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 9

Уладзімір Караткевіч

— Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля… можа, пан хоча вячэраць?

Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.

— Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.

Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:

— Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.

— Як, — здзівіўся я, — хіба гаспадыня не вы?

— Я ахмістрыня, — з годнасцю сказала старая. — А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям'і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем'яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем'яў.

— Што ж гэта за сям'я? — неасцярожна спытаў я. — І дзе я?

У старой гневам спалыхнулі вочы:

— Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі?

Я адказаў, што, вядома, чуў, і гэтым супакоіў старую. Жэстам, вартым каралевы, яна паказала мне на крэсла (прыблізна так у тэатрах каралевы паказваюць на плаху няшчаснаму любоўніку: «Вось тваё месца, злашчасны!»), папрасіла прабачэння і пакінула мяне аднаго. Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой. На першым паверсе яна войкала і прычытала, размаўляла з выразнай народнай інтанацыяй, а перайшоўшы на другі паверх, адразу ператварылася чорт ведае ў што. Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем і, адпаведна пераходам, мяняла скуру. Вочы ў яе былі добрыя, але памятаю, што такая зменлівасць мне тады вельмі не спадабалася.

Застаўшыся адзін, я пачаў разглядаць партрэты, якія цьмяна паблісквалі на сценах. Іх было больш за шэсцьдзесят, зусім даўніх і амаль што новых — і гэта было сумнае відовішча.

Вось нейкі дваранін ледзь не ў кажусе — адна з самых старых карцін, — твар шырокі, мужыцкі, здаровы, з густой крывёю ў жылых.

А вось другі, ужо ў срэбнатканым каптане, шырокі бабровы каўнер падае на плечы (хітрая ты быў пратабестыя, хлопча!). Поруч з ім магутны, з каменнымі плячыма і шчырым позіркам чалавек у чырвоным плашчы (ля яго галавы шчыт з фамільным гербам, і верхняя палова яго замазана чорнай фарбай). А далей другія, такія ж моцныя, але вочы тупаватыя і масляныя, насы тупыя, вусны жорсткія.

А з імі жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы.