Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 4

Уладзімір Караткевіч

У беларускім фальклоры гэта легенды пра вужыную каралеву, пра бурштынавы палац, большая частка рэлігійных легенд.

А другія, як ланцугамі, прыкулі да нейкай адной мясціны, павета, нават вёскі. Іх звязваюць з дзіўнай скалой на беразе возера, з назвай вёскі або ўрочышча, з толькі адной, вось гэтай, пячорай. Вядома, што такія легенды, звязаныя з нязначнай колькасцю людзей, выміраюць хутчэй, хоць яны часам значна больш паэтычныя, ніж агульнавядомыя, і, калі іх надрукуюць, карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Так, напрыклад, выйшла на людзі легенда пра Машэку. Я паляваў менавіта за другой групай легенд. Мне трэба было спяшацца: легенда і казка выміраюць.

Не ведаю, як другім фалькларыстам, але мне заўсёды было цяжка перадчасна ехаць з якой-небудзь мясцовасці. Мне ўсё здавалася, што за зіму, якую я прабуду ў горадзе, тут памрэ нейкая бабуля, якая адна, разумееце, адна ведае зараз чароўны стары сказ. І гэты сказ памрэ з ёю, і ніхто, ніхто яго не пачуе, а я і мой народ застанёмся абакрадзенымі.

Таму нікога не здзівяць мае злосць і хандра.

Я быў у такім настроі, калі адзін мой знаёмы параіў мне паехаць у Н-скі павет, месца, якое нават у той час лічылася глухім.

Ці думаў ён, што я там ледзь не звар'яцею ад жаху, адкрыю ў сабе мужчынскую мужнасць і знайду… Але не будзем забягаць наперад.

Зборы мае былі нядоўгімі, я сабраў невялікі сак, узяў котчы вазок і хутка пакінуў «сталіцу» гэтага параўнаўча цывілізаванага павета, каб адрачыся ад усялякай цывілізацыі, пераехаўшы ў суседні лясны і балотны павет, што па тэрыторыі мала чым паступаўся перад якой-небудзь дзяржавай, накшталт Люксембурга.

Спачатку паабапал дарогі цягнуліся яшчэ палеткі з раскіданымі там-сям дзічкамі, падобнымі на дубы. Трапляліся вёскі з цэлымі калоніямі буслоў, але потым урадлівая глеба скончылася і пацягнуліся бясконцыя лясы. Дрэвы стаялі, як калоны, ігліца на дарозе глушыла стук колаў. У лясных ярах пахла прэллю і цвіллю, раз-пораз зрываліся з-пад самых капытоў коней цецеруковыя чароды (цецерукі заўсёды збіваюцца ў купу восенню), там-сям глядзелі з-пад ігліцы і верасу чырвоныя або счарнелыя ад старасці брылі сімпатычных тлустых баравікоў.

Два разы мы начавалі ў лясных глухіх вартоўнях і радаваліся, калі бачылі праз начны змрок немачныя агеньчыкі іх сляпых акон.

Ноч, плача дзіцёнак, якога ядуць прусы, коні на двары трывожацца чагосьці — напэўна, блізка праходзіць мядзведзь, — над верхавінамі дрэў, над лясным акіянам часты зорны дождж.

У хаце не прадыхнуць, дзяўчынка люляе нагой калыску. Старажытны, як свет, напеў: «А-а-а…»

Не хадзі, коцю, па лаўцы

Буду біці па лапцы,

Не хадзі, коцю, па масту -

Буду біці па хвасту!

А-а-а!

О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь!

Ноч. Зоры. Першабытны змрок лясоў.

І ўсё ж нават гэта было Італіяй у параўнанні з тым, што мы пабачылі праз два дні.

Лес пачаў чэзнуць, радзець, і хутка бязмежная раўніна адкрылася нашым вачам.

Гэта не была звычайная раўніна, на якой коцяць рудыя рэдкія хвалі нашы жыты, гэта не была нават дрыгва — дрыгва ўсё ж не пазбаўлена разнастайнасці: там ёсць трава, ніцыя скарлючаныя дрэўцы, там можа бліснуць азярцо, — не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты.