Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 3
Уладзімір Караткевіч
Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!
Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады «яшчура». Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае «а-а-а» над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.
Гэта была візантыйская Беларусь!
Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.
У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.
І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.
Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны.
Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукаць толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў.
Палілі печкі, выкладзеныя галандскай кафляй, пашчапанымі ўломкамі бясцэннай беларускай мэблі семнаццатага стагоддзя, сядзелі, як павукі, у сваіх халодных пакоях, гледзячы ў бязмежную навакольную цемру праз акно, па шыбах якога сцякалі наўскос флатыліі кропель.
Такі быў той час, калі я ехаў на экспедыцыю ў глухі Н-скі павет губерні. Я выбраў дрэнны час для паездак. Летам, вядома, фалькларысту добра: цёпла, вакол прыгожыя краявіды. Але па сваіх выніках наша праца лепшая за ўсё ў глухія восеньскія або зімовыя дні.
Тады адбываюцца ігрышчы з іхнімі песнямі, пакудзелле з бясконцымі гісторыямі, а пазней — сялянскія вяселлі. Гэта наш залаты час.
Але мне выпала паехаць толькі ў пачатку жніўня месяца, калі не да казак, і толькі цягучае наша «жніво» гучыць над палеткамі. Я праездзіў жнівень, верасень, частку кастрычніка і павінен быў зачапіць толькі два тыдні, самы пачатак глухой восені, калі я мог спадзявацца на што-небудзь вартае. Пасля мяне чакалі ў губерні неадкладныя справы.
Улоў мой быў зусім мізэрны, і таму я быў злы, як поп, які прыйшоў на хаўтуры і раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль — асноўныя прыкметы ліхалецця, тое, што, па словах кагосьці з польскіх паэтаў, паходзіць ад настойлівай пагрозы, што нехта ў блакітным пабачыць цябе і міла скажа:
— Бжалце ў жандармерыю.
Асабліва мала было ў мяне старадаўніх легенд, а менавіта за імі я і паляваў. Вы, напэўна, ведаеце, што ўсе легенды можна падзяліць на дзве вялікія групы. Першыя жывуць паўсюль, распаўсюджаны сярод большай часткі народа.