Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 2

Уладзімір Караткевіч

Але ў той час я ў глыбіні душы (хоць і лічыўся «чырвоным») быў перакананы, што не толькі з шыбеніц растуць на зямлі лясы (што, вядома, было правільным нават у часы Язафата Кунцэвіча і беларускай доказнай інквізіцыі) і не толькі стогн адчуваецца ў нашых песнях.

Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець, хто я, якім багам я павінен маліцца. Прозвішча маё было, як казалі ў тыя часы, «польскае», — хоць я і дагэтуль не ведаю, што ў ім такога мазавецкага было, — у гімназіі (а гэта было тады, калі яшчэ не забыўся чорнай памяці папячыцель Карнілаў, паплечнік Мураўёва) называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, «древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми». Вось як, нават больш рускія, ніж самі рускія. Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя — абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры Божачка даў нам рогі.

Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную — зведанне гэтага народа.

Я кончыў пасля гімназіі ўніверсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам. Справа гэтая ў той час толькі пачыналася і лічылася сярод уладу маючых небяспечнай для існуючага парадку.

Але паўсюль — і толькі гэта рабіла лягчэйшай справу маю — я сустракаў увагу і дапамогу. І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чыніць мне ўсялякую дапамогу.

Дзякуй вам, простыя беларускія людзі!

Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады…

Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?

Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?

А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?

Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.

Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які — я зараз ведаю гэта — у мяне не было нічога на свеце.

Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.