Читать «Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Рэй Брэдбери
Стары засмяяўся.
- Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. - Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз - кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй.
I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.
- Бачыш у небе агнi, Том?
- Ага, сэр.
- Феерверк бачыш?
- Бачу.
- Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень - свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная "рымская свечка" ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык - ракета з Венеры. I яшчэ - бачыш, колькi iх? - жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi.
Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам.
- Якi цяпер год?
- Год ракеты. Глядзi! - Стары дакрануўся да нейкiх раслiн, i ў яго пад рукою яны раптам расцвiлi. Кветкi былi нiбы белае i блакiтнае полымя. Яны палалi, iскрылiся халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi. Чашачкi iхнiя былi футы два ўпоперак i холадна сiнелi, быццам асеннi месяц. - Гэта кветкi з Месяца, - сказаў Фiлд. - З таго боку Месяца. - Ён злёгку дакрануўся да iх, i яны асыпалiся сярэбраным дажджом, пырснулi белыя iскры i расталi ў паветры. Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслi цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзiны чалавек, якi здольны саўладаць з Сонцам i не ператварыцца ў нiкчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, - з Сонцам, i з Зоркамi, i з усiм, што ўбачыш па дарозе на Марс.
- На Марс? - Томас Вулф азiрнуўся, схапiў старога за плячо, нахiлiўся, недаверлiва ўзiраючыся яму ў твар.
- Так. Ты ляцiш сёння ў шэсць.
Стары ўзняў ружовы бiлецiк, якi, здавалася, аж трапятаў у паветры, i чакаў, калi Том здагадаецца яго ўзяць.
Было пяць гадзiн.
- Так-так, вядома, я вельмi цаню ўсё, што вы зрабiлi! - усклiкнуў Томас Вулф.
- Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.
- Дайце дагаварыць, мiстэр Фiлд, дайце мне закончыць, я павiнен выказаць усё да канца.
- Мы ўжо столькi гадзiн спрачаемся, - зняможана прамовiў Фiлд.
Яны прагаманiлi ад ранiшняга сняданка да полудня i ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзiлi з аднаго пакоя ў другi (а iх было тузiн) i ад аднаго доваду да другога (а iх было дзесяць тузiнаў); абодвум рабiлася то горача, то холадна, то зноў горача.
- Усё зводзiцца вось да чаго, - сказаў нарэшце Томас Вулф. - Я не магу тут заставацца, мiстэр Фiлд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелi права ўмешвацца...
- Але...
- Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнiгу я яшчэ не пачынаў i раптам вы хапаеце мяне i пераносiце на тры стагоддзi наперад. Паклiчце прафесара Боўлтана, мiстэр Фiлд. Няхай ён пасадзiць мяне ў сваю машыну, якая яна там нi ёсць, i адправiць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час i маё месца. Больш мне ад вас нiчога не трэба.