Читать «Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Рэй Брэдбери

Павекi Фiлда стулiлiся; замоўк язык, якi лiхаманкава лепятаў усё тую ж настойлiвую просьбу-мальбу; заснулi вусны.

Гадзiннiк прабiў чатыры.

Ён абудзiўся ясным цвярозым ранкам i адчуў у грудзях прылiў хвалявання, якое ўсё нарастала i нарастала. Ён баяўся мiргануць - раптам тое, што чакае яго дзесьцi ў доме, кiнецца наўцёкi, грукне дзвярамi i знiкне назаўсёды. Ён прыцiснуў рукi да худых старэчых грудзей.

Удалечынi... крокi...

Адны за другiмi адчынялiся i зачынялiся дзверы. У спальню ўвайшлi двое.

Фiлд чуў iхняе дыханне. I ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькiя крокi, нiбы ў павука, - гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

- Том? - усклiкнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

- Гэта я, - пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькi Фiлд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсiх швах, як занадта цесная апратка на вялiкiм не па ўзросту дзiцяцi.

- Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! - зноў i зноў паўтараў Фiлд, вылазячы з пасцелi. Яго калацiла. - Ды падымiце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Вялiзны, тоўсты Том Вулф пазiраў на яго зверху ўнiз, растапырыўшы цяжкiя рукi, каб не страцiць раўнавагi ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамi пакой, вусны яго ўздрыгвалi.

- Ты якраз гэтакi, як цябе апiсвалi, Том, толькi большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла - парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкi недарэчны сон; ступiў крок да старога, дакрануўся да яго, азiрнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногi, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

- Гарачкi болей няма, - сказаў ён. - Я здаровы.

- Вядома, здаровы, Том!

- Ну i ночка! - сказаў Том Вулф. - Цяжка мне давялося. Я думаў, нiводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю - плыву - i падумаў: ну i гарачка ў мяне. Адчуваю - мяне кудысьцi нясе - i падумаў: усё, памiраю. Падыходзiць да мяне чалавек. Я падумаў - пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукi. Чую - электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу - медны горад. Ну, думаю, з'явiўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось i брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалi ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабiць, а то зусiм рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.