Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 315

Джон Стейнбек

- Дык не iдзiце. Данясiце толькi Разашарну да шашы i вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.

- Добра. Мы таксама iдзём.

Эл сказаў:

- Я, ма, не пайду.

- Чаму гэта?

- Дык жа ж... Эгi... ну, мы з ёю...

Мацi ўсмiхнулася:

- Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымi пажыткамi. Як спадзе вада, мы... вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, - сказала яна бацьку. - Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.

- Толькi я сама.

- Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спiну, бацька.

Бацька саслiзнуў па сходках у ваду i стаў чакаць каля вагона. Мацi памагла Ружы Сарона злезцi з памоста i падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукi, падняў як мага вышэй i, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон i пайшоў да шашы. Там ён апусцiў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон iшоў за iм следам з Руцi на руках. Мацi таксама саслiзнула ў ваду, i спаднiца на ёй узнялася пузыром.

- Ну, Уiнфiлд, садзiся мне на плечы. Эл... як вада спадзе, мы вернемся. Эл... - Мацi памаўчала. - Калi... калi, можа, прыйдзе Том... скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уiнфiлд, садзiся на плечы... ага, вось так. Не матляй нагамi. - Пахiстваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглi ёй узабрацца на дарожны насып i знялi з яе плячэй Уiнфiлда.

Стоячы на шашы, яны паглядзелi на лагер - цёмна-чырвоныя прамавугольнiкi таварных вагонаў, грузавiкi i легкавыя машыны глыбока сядзелi ў вадзе, якая паволi калыхалася. Пакуль яны стаялi, замжэў дробны дожджык.

- Трэба iсцi, - сказала мацi. - Ты зможаш iсцi сама, Разашарна?

- Галава крыху кружыцца. I ўсё цела балiць, як пабiтае.

Бацька незадаволена буркнуў:

- Iсцi... А куды iсцi?

- Не ведаю. Ну, пайшлi, вазьмi Разашарну пад руку. - Мацi ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. - Пашукаем сухога месца. А што рабiць? Вы ўжо другi дзень ходзiце ў мокрым.

Яны паволi пайшлi па шашы. Iм чуваць было, як недалёка ад насыпу шумiць iмклiвая рэчка. Руцi i Ўiнфiлд iшлi разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравiкамi па мокрым бетоне. Джоўды доўга iшлi, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала нiводнай машыны.

- Трэба спяшацца, - сказала мацi. - Калi Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.

- А куды нам спяшацца, ты не сказала, - з'едлiва прамовiў бацька.

Дарога павярнула ўбок разам з лукавiнай рэчкi. Мацi акiнула позiркам затопленыя палi. Далёка наперадзе, злева ад дарогi, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.

- Гляньце! - зарадавалася мацi. - Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.

Бацька ўздыхнуў:

- Каб гаспадар нас не прагнаў.

Наперадзе, на абочыне, Руцi заўважыла чырвоную плямку. Яна кiнулася туды. Кволая сцяблiнка дзiкай геранi з адной толькi кветкай, пабiтай дажджом. Руцi сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзiн пялёстак i прыляпiла яго сабе на нос. Да яе падбег Уiнфiлд.

- Дасi мне адзiн? - патрабавальна запытаўся ён.

- Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, - адказала Руцi i наляпiла сабе на лоб другi пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.