Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 316

Джон Стейнбек

- Дай мне, Руцi, адзiн, ну дай! - Уiнфiлд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, i Руцi заляпiла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалi i да вачэй падступiлi слёзы.

У гэты момант падышлi астатнiя.

- Ну, што такое? - захвалявалася мацi. - Што тут у вас?

- Ён хацеў забраць у мяне кветку.

Скрозь слёзы Ўiнфiлд сказаў:

- Мне толькi адзiн пялёстак... Я таксама хачу на нос.

- Дай яму, Руцi.

- Няхай сам знойдзе. Гэта маё.

- Руцi! Дай яму адзiн пялёстак.

У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу i перамянiла тактыку.

- На, калi ласка, - сказала яна, прытварыўшыся добранькай. - Толькi я сама табе прыляплю. - Дарослыя пайшлi далей. Уiнфiлд падставiў ёй твар, Руцi наслiнiла языком пялёстак i балюча прыпляснула яго да носа Ўiнфiлда. - Ах ты, сволач! - ледзь чутна сказала яна. Уiнфiлд пакратаў пялёстак пальцам i прыцiснуў яго яшчэ шчыльней. Дзецi пабеглi даганяць дарослых. Руцi ўжо страцiла ўсякую цiкавасць да кветкi. - На, бяры, - сказала яна Ўiнфiлду. Вось табе яшчэ. Наляпi на лоб.

Раптам справа ад дарогi на рэчку са свiстам наляцеў дождж. Мацi закрычала:

- Хутчэй! Зараз як лiне! Лезьце праз агароджу. Тут блiжэй. Спяшайцеся! Пацярпi, Разашарна, ужо блiзка.

Бацька з мацi ледзь не волакам пацягнулi Ружу Сарона цераз прыдарожную канаву i памаглi ёй пралезцi праз агароджу. I тут лiвень дагнаў iх. Патокi вады абрынулiся на iх. Яны пайшлi па гразкай зямлi i паднялiся на грудок. Цёмнай адрыны амаль не было вiдаць за шчыльнай завесай дажджу. Ён свiстаў i гучна плюскатаў, i парывы ветру гналi яго перад сабой. Ружа Сарона раптам паслiзнулася i павiсла на чужых руках.

- Бацька, можа, ты яе данясеш?

Бацька нахiлiўся i падхапiў Ружу Сарона на рукi.

- Усё роўна ўжо прамоклi, - сказаў ён. - Уiнфiлд, Руцi, хутчэй! Бяжыце наперад.

Цяжка дыхаючы, яны дабралiся да адрыны, якая добра прамокла ад дажджоў, i, пахiстваючыся ад стомы, зайшлi пад павець. З гэтага боку дзвярэй не было. На зямлi валялiся ржавыя сельскагаспадарчыя прылады, дыскавы плуг, паламаны культыватар, жалезнае кола. Дождж калацiў па даху i, як полагам, закрываў уваход. Бацька беражлiва апусцiў Ружу Сарона на запэцканую маслам скрынку.

- Божа лiтасцiвы! - выгукнуў ён.

Мацi сказала:

- Можа, дзе тут ёсць сена. Гляньце, вунь дзверы. - Яна расчынiла дзверы, якiя зарыпелi на ржавых завесах. - Сена! - закрычала яна. - Iдзiце сюды.

У адрыне было цёмна. Святло прабiвалася толькi праз шчылiны ў дашчанай сцяне.

- Кладзiся, Разашарна, - сказала мацi. - Кладзiся адпачнi. Трэба цябе як-небудзь абсушыць.

Раптам пачуўся голас Уiнфiлда:

- Ма!.. - але стукат дажджу заглушыў яго словы. - Ма!

- Ну што там? Што табе?

- Глянь! Вунь туды, у кут.

Мацi паглядзела ў той бок. У паўзмроку вiднелiся дзве чалавечыя постацi у куце ляжаў на спiне мужчына, каля яго сядзеў хлопчык i вялiкiмi вачамi пазiраў на прышлых. Потым ён паволi падняўся на ногi, падышоў да мацi i запытаўся хрыплым голасам:

- Вы тут гаспадары?

- Не, - адказала мацi. - Проста мы хаваемся ад дажджу. У нас хворая. Цi няма ў вас сухой коўдры, каб накiнуць на яе, пакуль не прасушым яе адзежу?