Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 312

Джон Стейнбек

- Думаеш, i ў вагон прабярэцца? - запытаўся Эл.

- Хто ведае. Яшчэ да чорта вады з гор хлыне. Хто ведае. Можа, i дождж зноў палье.

Эл сказаў:

- Я ўсё думаю: калi вада прабярэцца ў вагон, усё падмочыць, але...

- Канешне, падмочыць.

- Але больш як на тры-чатыры футы над падлогай не падымецца, бо вада перальецца цераз шашу i разальецца ўшыркi.

- Чаму ты так думаеш?

- А я там, за вагонам, добра ўсё разгледзеў, - Эл выцягнуў руку. - Вось на колькi падымецца, не больш.

- Ну i няхай, - сказаў бацька. - Што нам да гэтага? Нас тут не будзе.

- Не, мы тут будзем. Тут грузавiк. Як сыдзе паводка, цэлы тыдзень яшчэ давядзецца сушыць яго i выцiраць.

- А што ты прыдумаў?

- Можна разабраць барты грузавiка i зрабiць насцiл у вагоне - пакладзём на яго ўсё, што ў нас ёсць, i самiм будзе дзе сядзець.

- Во як? А гатаваць як будзем, што будзем есцi?

- Затое нiчога не падмочыцца.

Навокал шэрае святло мацнела, набыло металiчны водсвет. Плынь злiзнула са сходак i другую галiнку. Бацька паклаў яшчэ адну, крыху вышэй.

- Прыкметна прыбывае, - сказаў ён. - Вiдаць, так i зробiм.

Мацi неспакойна заварушылася ў сне. Раптам яна шырока расплюшчыла вочы i крыкнула, нiбы перасцерагаючы:

- Том! Ой, Том, Том!

Мiсiс Уэйнрайт сказала ёй нешта супакойлiвае. Павекi ў мацi адразу сплюшчылiся, i яна пакурчылася ў сваiм трывожным сне. Мiсiс Уэйнрайт паднялася i падышла да дзвярэй.

- Паслўхайце, - цiха сказала яна. - Мы адсюль не хутка выберамся. - Яна паказала рукой на той кут, дзе стаяла скрынка з-пад яблыкаў: - Так нядобра. Лiшняе гора i лiшнiя слёзы. Можа, вы б... вынеслi яго i пахавалi дзе-небудзь?

Мужчыны маўчалi. Нарэшце бацька сказаў:

- Па-мойму, правiльна. Лiшнiя слёзы. Але па закону так проста нельга пахаваць.

- Цi мала мы робiм супраць закону, калi нiчога больш не застаецца?

- Гэта праўда.

Эл сказаў:

- Пакуль вада не паднялася яшчэ вышэй, трэба разабраць барты грузавiка.

Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона:

- Можа, ты яго пахаваеш, а мы з Элам перацягаем сюды дошкi?

Дзядзька Джон панура адказаў:

- Чаму я павiнен гэта рабiць? Чаму не вы? Мне гэта не па душы. Памаўчаўшы, сказаў: - Добра. Зраблю. Добра, пахаваю. Ну, нясiце сюды, дайце мне яго. - I, павышаючы голас, паўтарыў: - Нясiце! Дайце мне яго!

- Ш-ш... Пабудзiце ўсiх, - сказала мiсiс Уэйнрайт. Яна прынесла скрынку да дзвярэй i беражлiва расправiла зверху мяшок.

- Рыдлёўка там, за табой, - сказаў бацька.

Дзядзька Джон узяў рыдлёўку. Ён саслiзнуў па дошках унiз i апынуўся амаль па пояс у вадзе, у павольнай плынi. Свабоднай рукой ён прыняў скрынку i ўзяў яе пад паху.

Бацька сказаў:

- Пайшлi, Эл. Прынясём дошкi.

У шэрым свiтальным сутоннi дзядзька Джон, iдучы ў вадзе, абагнуў вагон, мiнуў грузавiк Джоўдаў i па слiзкiм дарожным насыпе падняўся на шашу. Ён пакрочыў па ёй мiма вагоннага лагера i дайшоў да месца, дзе бурлiвая рэчка паварочвала амаль да самай дарогi, уздоўж якой тут рос лазняк. Ён кiнуў на дол рыдлёўку i, трымаючы скрынку перад сабой, прадраўся скрозь зараснiк, да iмклiвага рачнога патоку. Пастаяў там з хвiлiну, пазiраючы на вiрлiвую плынь, на камякi жоўтай пены, што аселi ў кустах. Ён падняў скрынку да грудзей. Потым нахiлiўся, апусцiў яе на ваду i прытрымаў рукой. Ён гнеўна сказаў: