Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Сократ Янович

Нешта сарвалася ў iм; не стрымаў ён нагрузкi дня, вельмi нэрвовага дня, i сказаў ёй, праўда, залiшне па-грубiянску, многае, чаго, зрэшты, не шкадуе й па сёньня. Добра, Кiранька, я пашукаю табе працу. Не, не ў сваёй установе, бо гэта зашкодзiла-б табе, ты не магла-б узвышацца на службе: муж i жонка ня могуць быць адначасова важнымi. Ведаеш, Кiрушка, знайду табе я месьцейка ў фiрме з разумным дырэктарам. Думаю, ты не супраць таго, каб працаваць пад кiраўнiцтвам разумных... Але няхай табе, мая ты Кiрулька, не здаецца, што iнтэлiгентнасьць у чалавеку зьяўляецца нечым пажыцьцёвым. Асаблiва - у дырэктароў! Твой першы пэрыяд штатнай працы прамiне, ну, быццам мядовы месяц: у цябе, напэўна, знойдзецца шмат жаданьня выконваць свае абавязкi выключна добра, а ў дырэктара-ж - разумець цябе й дапамагаць. I так яно, фактычна, будзе. Неўзабаве ты, Кiраня маё, пойдзеш далей i тады сутыкнесься зь незразумелым: удасканальваньне працы, значыць, i фiрмы, акажацца шкодным ёй... Дырэктар растлумачыць гэта па-свойму. Не паслухаесься яго - пазвонiць табе аднаго дня, па ўнутраным тэлефоне (ты пазнаеш яго па голасе!), i скажа прыблiзна наступнае: "Вы перастаньце пiсаць i вазьмiцеся за працу!" Ён выключыцца, пакуль ты, Кiрушка, пасьпееш разявiць роцiк, а прытым падумаць: "Што здарылася? Заўсёды гаварыў ён да мяне: панi Кiра! Гэта жарт. Хтосьцi, у каго голас падобны да дырэктаравага, пажартаваў i рагоча сабе ў каторымсьцi пакоi дырэкцыi..." Як-жа бяз дурняў жыць на сьвеце? Бяз дурняў - панура, сказала-б пабочная асоба наконт твайго канфлiкту з шэфам. Ты, вядома, дурнем палiчыш дырэктара; нейкая рацыя ў гэтым будзе. Ды ўся справа ў тым, Кiрушачка, што кiраваньне даверанымi iнтарэсамi, як кожная штатная праца, мае абмежаваны характар. Таму, панi Кiра, у нашых умовах, нашай фiрмы й суседняй, той, хто перарос даручаныя яму заданьнi, можа зрабiць, па праўдзе кажучы, адзiн крок: альбо пашукаць сабе iншую, болей адпаведную, працу, альбо заняцца бурлiвай грамадзкай дзейнасьцю (найлепш - далёка ад радзiмага асяродзьдзя). Заўваж, дарагая, што, застаючыся хатняй гаспадыняй, ты не прымушаная ступiць таго кроку. Усякая твая iнiцыятыва, накiраваная на ўмацаваньне хатняй фiрмы й яе ўдасканальваньне, будзе вiтацца доўгiмi, працяглымi, нямоўкнымi н авацыйнымi воплескамi з боку iнтарэсаў, якiя ты баронiш, гэта значыць, з майго боку. Ясная справа, да таго часу, пакуль не павырастаюць нашы дзецi, якiх ня маем, але яны - я ўпэўнены ў тым! - будуць; дарослыя дзецi, як слушна здагадваесься, рашучым чынам абмяжуюць тваю барацьбу за разьвiцьцё iнтарэсаў, натуральна, усё больш супярэчных зь iхнiмi, нам дзiўнымi...

Кiра маўчала.

Яна ў той вечар наогул не азвалася словам. Выйшла з кухнi ў пакой гаворка адбывалася ў кухнi, за абедам - напахнёны сьвежымi кветкамi, i там глядзела тэлевiзiйную праграму. Сьцяпан прыхiнуўся да акна, таго самага, ля якога ў зiмовую пору ажыў павук, i прыглядаўся да вулiчнага руху. Ён любiў наглядаць за паводзiнамi пешаходаў i машынаў, знаходзячы ў гэтым яснасьць сваiм думкам. Кiра, калiсьцi застаўшы яго пад час такiх назiраньняў, спужалася. Здарылася што? Га? Кажаш, нiчога... Дык чаго глядзiш туды, што? Нехта сочыць за нашай кватэрай? Нiхто, кажаш, ня сочыць... Ну, што цiкавага ты ўгледзеў там? Адыйдзi ад акна, бо суседзi падумаюць, што мы - пляткары, цiкуны языкiя, гультаi! Што? Так могуць думаць у вёсцы? А Беласток - горад?