Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Сократ Янович

- Сядайце, калi ласка, - сказаў ён. I кадравiк, з гатоўлiвасьцю задаволенага мужа, паўтарыў ёй словы Сьцяпана, паказваючы на мяккае крэсла ля пiсьмовага стала. Пачакаў, пакуль яна сядзе. - Вы хочаце працаваць у нас? - яе прыгажосьць не дазволiла Сьцяпану глядзець ёй у вочы. "Прыгажосьць у Нiны была прыгажосьцю нахабнай i, мабыць, таму не прыкмячалася яе", - адзначыў за нябожчыцай. - У вас ёсьць вопыт такой працы?

- Гэта першая мая праца, - сказала яна й прыплюшчыла вочы; яе доўгiя вейкi прытаiлiся.

Сумленевiч запытальна паглядзеў на кадравiка, на мiг.

- Панi закончыла школу адмiнiстрацыi, - кадравiк падсунуў Сьцяпану паперы. - Часткова завочна...

- Пасьля таго, як выйшла замуж, - дапоўнiла яна. Ёй чамусьцi было прыкра. - Фактычна, дык усяго апошнiя паўтара года...

"I гэтую заб'юць!" - кальнула Сьцяпану недарэчнае.

- Вось тут пазначана, - кадравiк пахiлiўся над iндэксам. (На халеру гэты iндэкс?!) - Адзiн год i няцэлых сем месяцаў, - ад яго кучмы ўдарыла ў нос кiслым потам нямытай галавы.

- Добра, пабачым. Запоўнiце пэрсанальную анкету.

Кадравiк пайшоў зь ёю, забiраючы рассыпаны стосiк яе дакументаў, звычайных i аздобленых, якiя нешта пасьведчваюць, уверагоднiваюць перад чужымi.

Новае месца працы. Што-б гэта абазначала, як назва задумлiвасьцi Сьцяпана Сумленевiча?

Бачыў ён Кiру, яе патлусьцелыя шчокi й нязоркi пагляд. Яна ўставала перад шостай гадзiнай ранiцы й марудна апраналася, шахацела цэляфанавымi торбамi, у якiя клала панчохi; (Сьцяпан злосна пераварочваўся на другi бок.) Абуўшыся, раз-пораз забягала ў спальню, зноў чагосьцi; чуўся глухi стукат яе абцасаў на дыване. Скрыпелi дзьверы шафы з адзеньнем, зьвягалi вешалкi. Усе гэтыя гукi ўяўлялiся Сьцяпану разам з пахамi згатаванага малака, харашуткiх булачак, масла ў пасоленай вадзе... Сьнедалi каля паловы сёмай, спакойна й без апэтыту. Ён з палёгкай уставаў з-за стала, рабiўся пасьпешлiвым ад раптоўнай нецярплiвасьцi апынуцца на працы. (Кiра рэагавала на гэтую пасьпешлiвасьць.)

- Кiра, я не магу знайсьцi рукавiцаў, - ён, мокрыя цi сухiя, засоўваў iх у кiшэнi палiто.

- Сохнуць у ванным, - яна, пераважна, тады пачынала злавацца.

- Ага, - палохаўся ён падсьвядомым, ранiшнiм страхам: "Праз халерныя рукавiцы ў нас можа дайсьцi да разводу!"

Кiра бралася мыць пасуду. Сьцяпан цалаваў яе ў вушка й выходзiў з кватэры. Ад яго пацалунку яна як бы прысядала... У закутку, памiж абагравальнiкам i акном, павук снаваў сваё накшталт мiнiяцюрнай антэны. Дзiўны павук, якога хацелася клiкаць "Васькам".

- Зь мяне, Сьцёпанька, нядобрая жонка i благая гаспадыня, - аднойчы сказала яна.

- Табою, як жонкай, я цалкам задаволены; ну, а як гаспадыняй - скажу табе - я да непрыстойнасьцi захоплены! - адказаў ён, прыжмурыўшыся ва ўсьмешцы. Такую горбу аладак, i так смакавiтых, магла напячы толькi мая Кiра. Толькi яна!

- Знайдзi мне працу, - Кiра нi трохi не жартавала. - Хоць абы-якую й абы-дзе...

- Мала табе, Кiрачка, працы дома? - ён штосьцi прадчуваў. - Ого, зажадалася падвойную плату мець...

- Я, Сьцёпа, не жартую.

- Бачу, Кiра. Бачу...