Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Сократ Янович

"Чорт падкусiў мяне купiць касьцюм!" - нездаволена падумаў пра пiнжак, якi выдаўся яму цяжкiм i нязграбным. (Набыты за танную цану ў "Цэнтралi".)

- Падсмажыць цыбульку, Сьцёпа? - Кiра быццам раздумала сказаць Сьцяпану важнейшае.

- Нашто? Сядай, урэшце, - ён узяўся нарэзаць хлеба. - Пакуль насмажыш цыбулi, дык усё выстыне, - лусты крышылiся яму, пачарсьцвелыя.

Маўклiва паабедалi. Ён азваўся толькi раз. ("Кiра - зноў забуду сказаць табе - трэба пападлiваць вазонiкi на акне, цёплай вадою, каб карэньчыкi не пагнiлi...")

Потым пагаварылi спакайней.

- Што чуваць, Сьцёпа, на працы?

- Нiчога асаблiвага: бавiм час да вечара...

- Ты, бачу, чамусьцi не ў гуморы.

- Хто яго ведае... Нейкая стома напала на мяне.

- Мала сьпiш: трэба мiнiмум восем гадзiнаў, Сьцёпа.

- Трэба.

- Зноў прасядзiш паўночы..

- Не прасяджу...

- Так далей нельга, Сьцёпа.

- Чаго нельга, Кiра?

- Сьцёпа, чаму ты ня слухаеш мяне? - у яе памутнеў голас. - Зачыняесься ў кухнi ды сядзiш у ёй да раньня.

- Не да раньня, Кiра. Часам, здарыцца, да адзiнаццатай... - Гэта была няпраўда. Ён ужо колькi месяцаў кладавiўся спаць пасьля дванаццатай. (Яму, звычайна, ня спалася.)

Вярнуўшыся дамоў, ён з улюбёнасьцю наводзiў парадкi ў пакоях. Зьбiраў, рукамi, сьмяцiнкi на дыванах, сьцiраў шматкаю пыл з падлогi й парэнчаў фатэляў, перавешваў адзеньне ў шафах, чысьцiў абутак, мыў пасуду й гаршкi, дапамагаў Кiры ў гатаваньнi абеду, калi яна не пасьпявала зь iм на час, хадзiў у склеп па бульбу й моркву (тамака ён, а як-жа, даводзiў да геамэтрычнага ладу на палiцах са слоiкамi павiдлаў i бутэлькамi самаробнага вiна), выносiў сьмецьце. Снаваў зь цяжкай задумёнасьцю, а калi гаварыў, дык пра глупствы. Кiра не прыкмячала таго, што Сьцяпан нечым заклапочаны...

Сумленевiч падумваў аб тым, цi ня лепш было-б яму зьмянiць месца працы.

Прадчуваў: роздумы зьяўляюцца пастановай. Хаця-б таму, што выклiкалi яны ў iм супакоенасьць або й захапленьне, ад якога ўставаў ён са звычнага крэсла й хадзiў з кута ў кут. Патрэбна было яму вышукаць прычыну, апраўданьне... Не знаходзiў яе. Яго шанавалi, супрацоўнiкi й начальства, як ураўнаважанага чалавека, якi здолее знайсьцi выйсьце з кожнай, здавалася-б, бязвыхаднай сытуацыi; як таго, якi не падвядзе. Называлi Сумленевiча сапраўдным камунiстам, пакеплiваючы, бо ён не зьяўляўся членам парты!...

2

Штосьцi ня ладзiлася ў Сумленевiча. У сераду, пад канец дня, яму званiў капiтан. Забойства сакратаркi, калi думаў аб iм, навейвала на Сумленевiча сум, ад якога ён страчваў здольнасьць штокольвек разумець. Гэта было неяк падобнае да задуманых iм пошукаў новай працы. Невытлумачальнае спараджала якоесьцi адранцьвеньне, тупую, быццам зубны боль, дрымоту.

Кадравiк прыйшоў з кандыдаткай на сакратарку. Не прыглядаючыся да яе, Сьцяпан падумаў, што сьмерць можа быць i радасьцю... Стаяла перад iм жанчына рэдкай прыгажосьцi, бадай, маладзiца, якой жадалася мець свае грошы, чаго, зрэшты, яна не затойвала.