Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Сократ Янович

"Ты абдымаў мяне..."

Абедалi паволi й дакладна; яны папрасiлi дабаўку (хлеба Сьцяпан прынёс зь нiкiм не занятага стала). Пахла воднай прасторай i селядцамi... Сьцяпан успомнiў, што ў фiзычнае каханьне з жонкай ён уяўляе сабе iншых жаданых... Гэта так! Кiра, вядома, не павiнна ведаць аб гэтым зусiм не таму, што ўсё закончылася-б непрыемнасьцю; ён ня здолеў-бы вытлумачыць, што, магчыма, у ёй, мiлай Кiры, знаходзiць тое лепшае, чым надзеленыя знаёмыя яму жанчыны. Больш таго - ён не супроць падобнага i ў яе... Не, нельга расказаць ёй сну зразумее яго проста.

4

"Адносiны памiж мужчынам i жанчынаю - самае галоўнае, самае элемэнтарнае..." - новая сакратарка адносiлася да Сьцяпана Сумленевiча зь беспамылковай ветлiвасьцю й гэта падалося яму крыху ненармальным. Ён дыктаваў ёй у пратакол формулы пастановаў управы; старшыня, перад выездам у мiнiстэрства, папрасiў менавiта яго пакiраваць пасяджэньнем, зрэшты, чарговым i малаважным. Я вас вельмi прашу, гаварыў старшыня... Я, ведаеце, ня быў падрыхтаваны на такую просьбу, адказваў яму Сумленевiч, маючы на ўвазе тое, што ва ўправе не займаў ён нiякага становiшча, зьяўляўся бесфункцыянерным членам. Вы самi дасканала разумееце, чаго варты мой намесьнiк, наракаў старшыня. Прыкра будзе, пане старшыня. Няхай гэта iм будзе прыкра, пане Сумленевiч. Усё-такi, пане старшыня... Я ўсё бяру на сябе. Старшыня дадаў: дзейнiчаць - гэта тое-ж, што ўчыняць людзей разумнейшымi. (Запрапанаваў выпiць па чарцы каньяку.)

Пачуўшы слова "дзейнiчаць", Сьцяпан Сумленевiч пацёр далоняй карак: па нутры прабег яму халадок, бы дакрануўшыся да нечага невядомага. Ён любiў паўтараць, што чалавек столькi варты, колькi зможа паўплываць на рэчаiснасьць, на яе зьмену да лепшага. Выслухоўвалi яго няўважлiва, асаблiва малодшыя, тыя, каму цяжка быць няшчырым. Слухачом вузелi вочы, брала iх на пазяханьне й праяўлялi яны абражальную зацiкаўленасьць нейкай дробязьзю, сьцiральнай гумкай, пашчэрблiнкамi на ёй.

Яго аглушваў гнеў.

- Сваiмi словамi, гэтымi гутаркамi, Сьцяпанка, крыўдзiш людзей, - аднойчы сказала Кiра, перабiваючы яму.

- Як гэта, Кiра?

- Ты, звычайна, маеш жаль да ўсiх за тое, што яны ня роўня табе. Хочаш, каб людзi былi падобныя да цябе. Злуесься, калi хто аказваецца горшы або й няўмекаваты. Нiкога не шануеш.

- Кiра! Я, здаецца, нiкому не сказаў благога слова...

- Ня толькi дрэннае слова абражае.

У Кiры былi свае прычыны дзеля таго, каб так гаварыць. I, як гэта памiж iмi здаралася, выкарыстоўвала яна першую нагоду, каб вылiць набалелае, змоўчанае; выпеставала iдэал жыцьця, пабудаваны з выкрытых памылак Сьцяпана. У прынцыпе - вельмi жаночы, падрабязны.

Сьцяпан, зь некаторым перапалохам, слухаў i глядзеў на яе.

Намер пашукаць сабе iншую працу, iншае асяродзьдзе, успрымаў ён як сьвядома адкiнутую спробу самагубства, якое ўяўлялася яму як павешаньне ў пятлi, замацаванай на круку, паiржавелым, але няўломным, што ў дзяцiнстве ён бачыў у сьцяне хлеўчыка; тады чаплялi на iм зарэзаную авечку, прывезеную зь вёскi; сьвежавалi яе.