Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Сократ Янович

Ён наўрад цi зможа дапамагчы капiтану ў разблытаньнi гэтай справы. Гутарка зь iм зойме яму час, працягнецца да вечара, i Кiра скажа, прывiтаўшы мужа ў дзьвярох кватэры: "Хадзi есьцi".

Вiзыт капiтана й злосьць Кiры будуць дзьвюма справамi, якiя вырашаць пра зьмест i настрой сёньняшняга дня. Мо й няма сэнсу гаварыць пра гэта, але дзень арганiзоўваюць пераважна дзьве справы, часам значныя. Як бель i чэрнь. Адчуваньне стомы зьнiкне ў Сумленевiча позьнiм вечарам, недзе пасьля дзевятай гадзiны, калi жонка, задрамаўшы перад тэлевiзарам, прачнецца ад прахалоды й загаворыць пра тое, што час кладавiцца спаць. Гэта выклiча ў iм грымасу пратэсту, маўклiвага, стоенага ў сабе. Яму тады захочацца папрацаваць, прадумаць заўтрашнi дзень, i ён доўга ня зможа заснуць; Кiра, iншы раз, храпе, праўда, няголасна, можна сказаць, далiкатна. На заслоненым акне мiгцiць барвовае зарыва вулiчнага нэону, замацаванага на шчыце суседняга будынку. Блiскi ад яго чамусьцi нагадваюць пацешлiвую бегатню хлопцаў i дзяўчатаў на беразе рэчкi, у якой купаюцца яны перад захадам сонца ў летнi адвячорак. Уяўленьне таго дае супакой i, не iнакш, таму яно прыемнае - асаблiва калi забрэша сабачаня, зь якiм Кульгавая Зоська, мацi пачынаючай прастытуткi, выходзiць на двор.

Вельмi добра, што Кiра не здагадваецца пра няшчасце, якiм вымушаны, няхай сабе й часткова, займацца Сьцяпан. Ён упэўнены ў тым, што за яе словамi зацiкаўленьня й спачуваньня штораз блiжэй хавалася-б падазронасьць. Тое надта няўлоўнае чуцьцё недаверу, якое называюць, хiба залiшне, падазронасьцю, як быццам першую прыступку назваць цэлай лесьвiцай.

Капiтан не зьявiўся ў дамоўленую гадзiну, спазьнiўся; ён колькi хвiлiнаў наракаў на недахоп часу, на звалку работы, i заўзята гладзiў парадчэлыя валасы, якiя па-кавалерску ўпрыгожвалi ягоны высокi лоб. Сумленевiч, не чакаючы, пачаў яму расказваць. Сьледчы выслухаў яго даволi безуважлiва й папрасiў характарыстыку - як гэта сказаў ён - нарыс псыхалягiчнага партрэту нябожчыцы. Размова атрымалася нецiкавай.

- Ну, хоць раз вярнуўся ты дамоў як чалавек, - гаварыла Кiра, рыхтуючы абед. Сьцяпан мыў рукi ва ўмывальнiку; намочаным ручнiком нацiраў карак, каб пазбыцца мiгрэны. Ня слухаў жонкi, надакучлiва дбайнай пра яго, i нават пашкадаваў таго пачуцьця задаволенасьцi, зь якiм iшоў з працы. Нёс дахаты гэтую сваю выпадковую пунктуальнасьць, бы падарунак для Кiры. Яна, усё-такi, старэе... - Цi ты, Сьцёпа, яшчэ любiш мяне? - яна выключыла полымя газу пад патэльняй, на якой смажылiся катлеты. Не азiрнулася. - Цi я патрэбная табе?

- Ты, Кiра, лепш дай мне есьцi, - паморшчыўся Сьцяпан. - Давай мы паабедаем, - ён сеў за супрацьлеглы канец стала. Яму хацелася есьцi, i ён таму баяўся, каб ня выбухнуць злосьцю.