Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

Сократ Янович

- Папi, Сьцяпанка, малачка.

- Што ты яму даеш, Кiра? Ад малака - падскочыць тэмпэратура!

- Пiць, - вымавiў Сьцяпан.

У кухнi забразгацела бляшаная пасудзiна. Няйначай, упаў гаршчок з плiты; ёмiсты, у якiм гатуюць капусту, квашаную, тлустую, са сьвiным мясам, смакавiтай лычавiнай.

- Асьцярожна! - цешча да Кiры. - Бяжыш, як на пажар... Бу-б-б-б-бу-бу...

- Мама, ты куды паклала лiмоны?

- На падваконьнiк, каб ня сохлi яны. Вунь, там... бу-бу...

- А тварог?

- Няма тварагу. Трэба купiць, бу-бу-бу-бу...

Сьцены - высокiя, як справядлiвасьць.

Панурыя, карычневыя, забруджаныя яны. На атаманцы - сакратарка, з пакалечанымi грудзьмi, раптам зварухнулася й прамовiла (не расплюшчыўшы вачэй):

"Я бачу вас, пане Сумленевiч. Непатрэбна дрыжыце вы. Ах, хварэеце й, пэўна, па вашай скуры прабягае марозiк; гэта нармальнае ў час грыпозу. А мне, вось, усё роўна... Штосьцi вам скажу, пане Сумленевiч. Ёсьць на тое нагода, дык паслухайце мяне. Гэта вы вiнаватыя ў маёй сьмерцi! Так. Ведаеце, калi капiтан прывёў вас у тую кватэру, дык я яшчэ жыла, але не хацела адзывацца... Капiтан не зразумеў-бы мяне й гэта зашкодзiла-б вам. Такiя, як ён, здольныя думаць толькi па зададзенай тэме. Ураднiк! Ад яго трэба быць здалёку..."

"Чаму вы гаворыце, што я вiнаваты ў вашай сьмерцi?" - запытаў Сьцяпан, так i не пачуўшы свайго голасу. У горле казытала яму пякотка...

"Сказаць?" - уздрыганулi яе вейкi.

"Скажы, дарагая! Табе-ж ужо ўсё роўна, прабач мне гэтую шчырасьць".

"Ого, ты цiкавiсься тым, што пра цябе думаюць iншыя. Значыць, нялёгка цяпер табе: напала на цябе чалавечая iржа. Ад яе нiхто яшчэ не схаваўся. Часамi й я думала: як доўга ты паблiшчыш..."

"Кажы пра маю вiну!"

"Вiна твая ў тым, што ты, Сьцяпан, добры чалавек. Гэтым i пакрыўдзiў ты мяне. А ведаеш, як? Прызвычаiўшы мяне да годнасьцi, зрабiўшы ганаровай жанчынай! Таму й страцiла я жыцьцё, тое, што самае каштоўнае, без чаго няма мяне! Адкажаш: засталася iдэя чалавечнасьцi. Каму яна засталася? Жывым цi не? Жывым. Чалавечным? Цi чалавечным, пытаю..."

"Я, усё-такi, не разумею цябе, хоць i здагадваюся..."

"Твая здагадка зьяўляецца здагадкай мужа, што вярнуўся з крывавай вайны, на якой, па-п'янаму, застрэлiў ён упартую жанчыну ворага, бо, у пярынах занятай iм спальнi, яна падзерла яму твар... Здагадкай, чаму гэта твая жонка жывая й здаровая пасьля таго, як тут бушаваў, мабыць, той-жа жанчыны, чалавек... Той, што глядзеў са шлюбнага партрэту ў чужамоўнай сям'i... Ах, ня муч ты мяне!"

"Прабач".

"Iх было трох..."

"Ага, а як яны называлiся?"

"Мужчыны".

"Але - як называлiся?"

"Я сказала".

"Прозьвiшчы iх патрэбныя! Прозьвiшчы..."

- Сьцяпанка... Сьцяпанка, чуеш мяне?

- Кiра...

- Паеш, Сьцяпанка, тваражку. У iм шмат кальцыю, для ўзмацненьня тваiх тканак... Во, бачыш, кроў з носа цячэ табе, - Кiра выцерла яе бiнтам. - Еш. Сiлком еш.