Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 35

Сократ Янович

- Потым, Кiрачка.

Сонныя мроi, як дасказаньне чагосьцi, што не знаходзiла сьвядомай фармулёўкi, як занадта жахлiвае, не падлеглае надзённаму досьведу, безадказнае, нiчым датыкальным не пацьверджанае, але верагоднае, сумяшчальнае ў лёгiцы прадчуваньня, у вокаiмгненнай упэўненасьцi, якая ў час адпачытай цьвярозасьцi ўспрымаецца быццам прадаўгаватая рыжынка лiсiцы на мяжы поля, дзе штораз спатыкаемся аб парудзелыя валуны, звычайныя, цiкавыя або нецiкавыя асаблiвасьцю цi банальнасьцю формы; як сабака, якi ўсьцешвае нас тым, што ён, аказваецца, ня воўк, хоць i на дзiва вырас.

"Крадуць! Хто ня цягне да сябе, той iдыёт. Гэта ўжо сталася эстрадным фальклёрам. Слухаў-жа ты радыё-кабарэ: Апошнiя паведамленьнi з краiны. На адным з панадворкаў Драпежнай вулiцы ў Грашаградзе дзецi гулялi ў зладзеяў ды палiцыянтаў, нарабiўшы гэтым нечуванай панiкi - менавiта, iх бацькi, на ўсякi выпадак, начавалi ў сваякоў, хi-хi-хi..."

"Кiра, Кiрачка, зьлiтуйся..."

"Спектакль п'есы пра каапэратыў ДЗЯРЫ-БЯРЫ. Публiка спачувае камбiнатару й злуецца на сяржанта, якi бяз ордэну на арышт уварваўся ў кватэру Мондрай Гловы, героя нашага часу зь лёгкай рукою на не сваё, хi-хi-хi..."

"Кiрачка..."

"Што - Кiрачка? Ну, што? Балiць табе маё апавяданьне, га? Эх, наiўнота ты. Адкуль у цябе, атэiста, такiя першахрысьцiянскiя адносiны да жыцьця, га? Дабром - зло... Сьмяяцца хочацца. I плакаць! Чэрнь бяжыць наглядзецца ў кiно, як шляхетны шэрыф па-бандыцку распраўляецца са злачынцамi, верачы яму, што iначай нельга... I мае яна ў гэтым трагiчную рацыю! З палёгкай выходзiць сабе з кiнасэансу, якi закончыўся сцэнай пагiбелi крывамордых рабаўнiкоў i цудоўнага стражнiка закону; трупы iх засыпаюць пяскi Нэвады. Навечна..."

"Перастань!.."

"Я-ж твая жонка, Сьцяпулёк. Мне - страшна, калi падумаю, што ты губiш сябе. Жанчына без мужчыны - безабароннае стварэньне, баба, якую можа пакрыўдзiць любы, каму зажадаецца. Твой пройгрыш будзе й маiм, але падвойным! Жанаты павiнен разумець, што ўсенька ўчыненае iм адбываецца ня толькi ад яго ўласнага iмя. Патрэбна не абы-якой дурноты ў незадаволенай жыцьцём жонкi, каб дадумалася яна да таго, што даволi ёй пазбыцца разьлезлага мужа, а зажыве яна па-новаму. Сьвядомасьць - гэта дзiвосны iнструмант: спраўны ён у якiх хочаш акалiчнасьцях, у рэальных i нерэальных..."

У другi дзень хваробы Сьцяпан натужыўся й выпiў шклянку гарачай гарбаты зь мёдам, зь зялёнай цыбуляй упрыкуску.

15

Кiра прынесла навару з чорнай парэчкi. Увайшла цiхiм крокам дзяўчыны.

- Ня сьпiш, Сьцяпанка?

- Я ўжо й сам ня ведаю, калi сплю, а калi не, Кiрачка.

- I трэба-ж было табе ў той Бельск ехаць?..

- Начальства лепш ведае, што мне трэба рабiць.

- Яно ведае, як сабе дагадзiць.

- Трэба зарабiць...

- На торбы? - яе бровы падскочылi ад раптоўнай уцехi.

На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявiць сваю безабаронную адзiноту. "Я ведала, што ты дурненькi, але не спадзявалася, што ажно настолькi", - прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кiра не згадзiлася падаць яму чарку жытнёўкi, хоць гэта й мела ўзбудзiць у iм апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забiрае ён з крывi кiсларод i ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...