Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 33

Сократ Янович

- Сьцяпанка! Сьцяпулёк мой мiлы!

З чырванi трызьненьня наблiжаўся да Сьцяпана засмучоны позiрк Кiры. Як добра, што яна побач.

Пiць! Ён каўтнуў нейкай вадкасьцi з кубачка, вiдавочна, палiпiрыну, а яшчэ - соку зь лiмону, растворанага...

- Кiра, - сказаў ён. - Пагладзь мяне...

"Жыцьцё, э, яго сутнасьць, ведаеце, э, - у непаразуменьнях, - крывiўся старшыня. - Мяне неспакоiць ваша, Сумленевiч, вера ў iснаваньне, э, згоды, ведаеце. Яно, ну, аднадумства, так сказаць, зьнiшчае думку, усыпляе, э, мазгi. Так, так, так... Людзi салiдарызуюцца, э, у прэтэнзiях. Ого, за дармовы кавалак мыла гатовы яны, э, сьвет перакулiць дагары коламi, ведаеце. Чаму? Таму, што няма чалавека задаволенага сваiм, э, лёсам, во! Дай яму доказ, э, крыўды, няхай сабе й сьмяхотны, дык ён табе замахнецца, э, пудовым кулаком, i ўжо не стрымаецца. Так i лясьне iм! Пакоцiць ён, прыдушыць, затопча цябе - за нiшто! А потым - пашкадуе i паспачувае, во, во... Любiм набiць каго й заплакаць над iм, э, гм..."

- Сьцяпанка...

З заслонаў на вокнах абсыпалася цiшыня, утвараючы грумакi ўтульнасцi. То зноў вочы заплывалi якiмсьцi кацячым колерам.

"...э, дырэктарам быць, ведаеце, трэба добра ўмець махляваць, пане Сумленевiч. Так, так, без пасьмешак кажу вам. Справа, зрэшты, i не ў вашуканстве, э, не, не... Калi ўсе навокал, ушыр ды ўверх, ведаюць аб гэтым, э, дык якое-ж тут ашукоўваньне? Кiраўнiку неабходна выходзiць насустрач людзкiм спадзяваньням, такiм, во. Так, Сьцяпан, табе ня быць кiраўнiком! Справядлiвых, ведаеш, баяцца, э, гм... Ахвотна гавораць пра iх - заўваж кожны ў дачыненьнi да сваiх ворагаў. Прынiжальнае, гэта праўда, стаць жывой справядлiвасцю, пародзiстым сабакам на зладзеяў, ага..."

- Пацееш? Мама, Сьцёпка пацее! Паглядзi...

- Цi-iха.

У куце, за фiкусам, паляць вогнiшча...

На ўскраiне бярэзьнiку сабралiся паляўнiчыя, з дубальтоўкамi за плячыма. Старшыня гучна кашляе й хтосьцi з членаў управы адзываецца да яго: "У цябе запаленьне лёгкiх". А старшыня на тое: "Лекарка сказала, што яшчэ не". Сказалi: "З гарачкай табе да твару". А ён: "Каб так i пасьля сьмерцi". У Сасновiцкiм бары - галасы, ломат: пайшоў гон. На балацявiну, быццам маторная лодка на ўсёй хуткасьцi, выбег зубазбройны адзiнец, якi, здратоўваючы кусьцiкi, павярнуў прасьцютка на стойбiшча старшынi ўправы каапэратыву, самага вялiкага на Беласточчыне, i грозна рохкнуў: "Я табе не Сумленевiч, падла ты!" Шэф звалiўся перад зьвярыскам ды залямантаваў: "Даруй, братец-адзiнец, што я цэлiўся ў цябе! Зьлiтуйся, калi не нада мною, дык хоць над жоначкай-тралялёначкай ды нашымi дзеткамi-кветкамi! Я цябе за гэта ў лыч пацалую, i куды хочаш..." Засьмяяўся дзiк i ажно языком iклы аблiзаў. Сеў ён на хвасьце ды прахрыпацеў: "Па-ага-ава-ары, а я па-аслу-у-уха-аю-ю-у-ууу, га-га-га-га-га..."