Читать «Эрыніі» онлайн - страница 25

Юры Станкевіч

«Маны ёсць, грошы?»

У мэтах самаабароны Слядак раней займаўся адзінаборствамі, вывучаў і ведаў псіхалагічныя нюансы вулічных боек, хоць, вядома, стрытфайтэрам[2] сябе ніколі не лічыў. Ён не быў настолькі багаты, як некаторыя іншыя белыя, якія групаваліся ў своеасаблівых гета за бетонным плотам з электроннай сістэмай апавяшчэння, а каб выехаць за межы тых сцен, апошнім часам там-сям нават карысталіся асабістымі гелікоптэрамі. Інакш іх, а то і іх дзяцей калі-нікалі рабавалі ці бралі ў закладнікі. Ён заўсёды быў вымушаны абараняць і адстойваць сваю годнасць сам.

Ён не хацеў бойкі, хоць у маладосці часам прытрымліваўся ірландскага погляду на гэты конт: лепшы спосаб высветліць адносіны — гэта добра і са смакам пабіцца.

«У мяне шмат грошай, аж адцягваюць кішэні — па-першае. Толькі вось, па-другое — з якой нагоды я буду вам, незнаёмым, іх пазычаць?» — сказаў ён, абарочваючы ўсё ў жарт.

Але гэтыя жартаў не разумелі.

Той, што яўна быў пад «дазняком», саўгануў руку ў кішэню, і Слядак зразумеў, што зараз у яго з’явіцца нож, і чакаць чагосьці далей было ўжо сабе на згубу. Ён у скачку ўдарыў таму пяткай у жывот. Гэты яго «фронт-кік» атрымаўся выдатна, ён, пэўна, трапіў якраз у сонечнае спляценне, бо самы небяспечны яго праціўнік, выдыхнуўшы няўцямны, кароткі гук-стогн, асеў на зямлю.

Той, што быў у бейсболцы, гнуткі і імклівы, як гадзюка, адразу кінуўся яму ў ногі, пэўна, каб зрабіць захоп і ўжо разам са сваім сябруком, удваіх паваліць на зямлю. Слядак зразумеў гэта са спазненнем, і адна яго нага апынулася ў замку. Збоку ён адчуў замах кулака, але здолеў ухіліць галаву і ўдар таго, з ланцугом на шыі, прыйшоўся ў паветра. Слядак сам ударыў зверху кулаком таго, хто трымаў яго за нагу, і, калі той расслабіў захоп, — вырваў нагу, сам усё-такі атрымаў удар збоку ў галаву, і ў гэты момант ззаду пачуўся трэск, і побач спыніўся квадрацыкл, з якога выскачыў накачаны мулат з завушніцай у мочцы вуха. Ён, не марудзячы, кінуўся да іх, і Слядак вырашыў, што справа яго зусім дрэнь, але мулат з разгону коратка ўдарыў бакавым таго, што ў бейсболцы, і зыход бойкі адразу быў вырашаны.

Мулат яшчэ пару раз балюча штурхнуў нагамі нападаўшых, тыя з цяжкасцю, але падняліся з зямлі, адступілі, і загірчэлі на іх ужо здалёк, нібы пабітыя сабакі.

«Падайце, — запрасіў гэты нечаканы байкер і выратавальнік і паказаў на задняе сядзенне. — Ехаць — не ісці».

Слядак, паціраючы гузак на галаве, пасля кароткага роздуму згодна кіўнуў галавой і сеў у квадрацыкл.

«Куды паедзем? — спытаў ён мулата. — Я магу даведацца?»

«Да Зары. Вам жа туды трэба?»

Слядак хацеў сказаць яму, што гэта больш трэба Зары, чым яму, і што менавіта яна запрашае яго да сябе, але прамаўчаў.