Читать «Эрыніі» онлайн - страница 14

Юры Станкевіч

«Другім разам, — ветліва адмовіўся Слядак. — Магчыма, заўтра».

«Чуеш? — спытаў Шэрыф вязня. — Рыхтуйся да заўтра. Абдумай адказы, бо ты будзеш гаварыць шмат і доўга».

Слядак паціснуў плячыма і павярнуўся на выхад, бо ў ізалятары, да таго ж, адчувальна смярдзела. Ды што было тут пытаць?

«Клініка», — толькі і сказаў ён Шэрыфу. Урэшце, яго ў гэты час цікавіла і непакоіла зусім іншае.

Праз паўгадзіны, таропка і сціпла паснедаўшы купленай у краме бляшанкай кількі і чвэртачкай хлеба, Слядак рушыў на возера.

Сонца ўжо высока ўзнялося ў бязвоблачным небе. Выпаленая, пажоўклая трава на абочынах дарог і кволыя, напаўзасохлыя дрэвы не абаранялі ад пылу. Пах дыму з тарфянікаў казытаў лёгкія. Следаку было горача; як і раней, у кішэню ён, па парадзе Шэрыфа, паклаў з сабой нож. Хадзіць тут без яго было ўжо неяк нязвыкла. Да таго ж ноччу на ўскрайку Паселішча чулася страляніна, якая, праўда, праз некалькі хвілін спынілася. Шэрыф патлумачыў, што гэта, пэўна, ішла чарговая разборка паміж наркаманамі, і прапанаваў забраць рэвальвер, але ён адмовіўся.

Слядак пайшоў сваім старым шляхам — берагам возера на ўсход, пакуль не знайшоў адноснага ўзвышша, на якім крыва расло некалькі асін. Ён ускараскаўся наверх і выцягнуў з сумкі бінокль.

Цяпер большая частка возера, а таксама бліжні бераг былі перад яго вачыма як на далоні. Толькі далёкі востраў хаваўся ў лёгкім вэлюме дыму і прыбярэжнай зеляніны. Слядак лёг на зямлю і стаў глядзець у аб’ектыў. Часам ён прыпыняўся і даваў вачам адпачыць. Ён тады клаўся на спіну і слухаў ціхі плёскат хваль аб бераг і крыкі варон. «Што там балбатаў часам неадэкватны, як відаць, Крэз пра міфічных эрыній, якія быццам пасяліліся на востраве? — меркаваў ён. — Але ці такі ён неадэкватны дзівак, за якога сябе іншым разам выдае? Яго інтэлект раз-пораз адчувальна выпірае з яго супраць яго ж волі і жадання. Безумоўна адно: пэўна, напужаны зачысткамі ці чым іншым, Крэз залёг тут на дно і пра многае маўчыць. Асабліва цяпер, калі жыццё чалавека ў Паселішчы, тым больш у Мегаполісе, а ўрэшце і ў іншых рэгіёнах, не вартае і пляўка».

Слядак зноў лёг на жывот і паднёс да вачэй бінокль. Невялікія хвалі беглі па паверхні возера, слабы ветрык варушыў на востраве прыбярэжныя зараснікі і вербалоз над імі. «Як ціха, — падумаў Слядак. — Цішыня — лепшае, што я тут чуў». Пачуццё спакою і душэўнай раўнавагі зноў на кароткі час ахапіла яго. Чалавеку, зрэшты, не так і шмат трэба: ежа, сон, сям’я. Душэўны спакой. Але для большасці гэта цяпер недасяжная мара…

Слядак успомніў, як у час Катастрофы загінулі яго бацька і маці. Яшчэ напярэдадні некаторыя найбольш «прасунутыя» навукоўцы (дарэчы, усе яны потым трапілі пад «зачыстку») пачалі выказваць і сцвярджаць дзікія, нават вар’яцкія думкі. Яны казалі, што чым раней адбудзецца агульная цывілізацыйная Катастрофа, тым лепш. І што інакш «энергія адтэрмінаваных змен» будзе настолькі вялікая, што перакрые сабой патэнцыял выжывання ўсяго чалавецтва. Яны папярэджвалі, што з моманту яе пачатку пераход у стан хаосу будзе непазбежным, што, урэшце, і здарылася.