Читать «Эрыніі» онлайн - страница 13

Юры Станкевіч

За кратамі так званага «малпачніка» соўгалася з кута ў кут некалькі часовых зняволеных. Гэта былі маларослыя, кволыя на выгляд, зладзеяватыя дэгенераты: з абстрыжанымі маленькімі галоўкамі, сінія ад «тату» і брудныя — мурыны і мулаты, акрамя Імбэцыла. Той быў белы.

«Усе за дробны крадзеж, — патлумачыў Шэрыф. — Каму на „дазняк“ не хапала, каму на бутэльку шклоачышчальніка».

«Ён?» — спытаў Слядак, кіўнуўшы на белага.

«Падыдзі!» — паклікаў таго Шэрыф.

Імбэцыл падышоў усутыч да кратаў і спыніўся, недаверліва і з апаскай пазіраючы на наведвальнікаў. У яго былі напухлыя вочы шчылінамі, адно вока большае за другое і рознага колеру, грубы азіяцкі твар з цёмнай скурай. З кутка шырокага, вузкагубага рота цягнулася праз брудны зрэзаны падбародак пісага ад сліны.

«Ну што, мастурбант? — здзекліва і з непрыхаванай варожасцю спытаў Шэрыф, — хутка і ў канвертэр?»

«Не біце мяне», — папрасіў той адразу. Голас у Імбэцыла быў квакаючы і хрыпаты, як у дзеркача.

«Біць будзем, — расчараваў яго Шэрыф. — Ну, магчыма, сёння не вельмі, але заўтра дык ужо добра і дакладна».

«Я не хачу, сукі, выпусціце мяне!» — нахабна і надакучліва заенчыў вязень.

«Хацу, не хацу, — перадражніў яго Шэрыф, — а калі цябе не выпусцяць, а апусцяць датэрмінова, га? Ці, можа, гэта ўжо адбылося?»

Усцешаны каламбурам, Шэрыф аж рохкнуў ад задавальнення.

«Вось, — дадаў ён, звяртаючыся да Следака. — Хочаце што ў яго спытаць?»

Слядак падышоў бліжэй і ўключыў дыктафон надалонніка.

«Як вас зваць?» — спытаў ён.

Імбэцыл моўчкі разглядаў яго праз краты. У глыбіні яго вачэй тлелі боязь і нянавісць.

«Скажыце, — роўна і спакойна працягваў дапытвацца Слядак, — чаму вы здзяйснялі гвалт над жанчынамі такім дзікім спосабам?»

«Я іх не гвалціў», — адказаў урэшце вязень.

«Вы хацелі працягнуць свой род? Чаму вы не ажаніліся? У вас была якая сімпатыя?»

Шэрыф за яго спінай незадаволена насупіўся і іранічна хмыкнуў.

«Я не хачу гаварыць! — пачаў крычаць Імбэцыл і раптам сарваўся на істэрыку: — Пайшоў ты… сука!»

Ён павярнуўся і скіраваў у дальні кут.

«Стаяць! — зароў Шэрыф і падхапіўся на ногі. — А-ну сюды, мастурбант, маць тваю, зараз я цябе ўлагоджу!»

Ён выцягнуў з кішэні ключы, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх і вывалак Імбэцыла вонкі.

«А-а-а!» — узвыў той, відавочна напужаны.

«Лаў-кік» справа па вонкавай паверхні бядра прымусіў яго рохкнуць ад болю і апусціцца на падлогу. Слядак, які раней нейкі час, хоць і па-аматарску, займаўся рукапашным боем, адзначыў пэўны прафесіяналізм Шэрыфа.

«Устаць, жывёла!» — загадаў той.

Трымаючыся за сцяну, Імбэцыл падняўся з падлогі. Левая нага не слухалася яго і дрыжэла.

«Дык вось, — сказаў Шэрыф, — табе задалі пытанне: чаму ты не натурал? Можа, ты ўвогуле бертраніст, педык, стрыкер, заафіл? Гавары, вырадак, маць тваю!..»

І Шэрыф, не чакаючы адказу, правёў «лаў-кік» злева, па другой назе. Імбэцыл зноў паваліўся.

«Мне пара», — сказаў Слядак.

«Ды вы не спяшайцеся. Зараз ён пачне гаварыць. Такое вам нагаворыць, што яшчэ раз сюды прыедзеце па працяг. Падобныя на яго маньякі іншым разам становяцца горш за звера».