Читать «Эрыніі» онлайн - страница 12

Юры Станкевіч

«Але ж і вы — былы навуковец. Дарэчы, чым вы займаліся, калі гэта не сакрэт?» — з максімальнай тактоўнасцю пацікавіўся Слядак.

«Я — доктар сацыялогіі. У мінулым, вядома».

«А за што, прабачце, вы жывяце? Вам жа трэба нешта есці, апранацца і сагравацца зімой…»

«У мяне ёсць у Мегаполісе дачка. Яна зрэдку дасылае мне грошы, астатнія я здабываю сам. Мне, як вы бачыце, многа не трэба. Тут каму з мясцовых іншы раз патрабуецца скласці скаргу ці напісаць ліст. Ідуць да мяне».

«А чаму вы вырашылі, што мы з Шэрыфам прыйшлі вас арыштоўваць?»

«З Мегаполіса проста так, без нагоды, да мяне не з’явяцца».

«А што вы скажаце пра Імбэцыла? — змяніў тэму Слядак. — Я, дарэчы, у вашых месцах, каб „праехацца“ па гэтым дзіўным казусе».

«Ды што тут разбірацца? Цяпер шмат падобных. Іншым разам мне здаецца, што натуралы ў галіне сексу скончыліся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Вось вам наглядныя адрыжкі дэмакратыі. З аднаго боку, былі, груба кажучы, педэрасты, з другога — смяротнікі. Хто пераможа, можна было сказаць адразу. Успомніце, як калісьці ў сталіцу Усходняй імперыі завезлі ўжо і надзіманых кароў для заафілаў, а перад канцэртам нейкай попспявачкі з Захаду, каб не праліўся дождж, разганялі хмары з дапамогай спецыяльных летакоў. Урэшце, вы тады яшчэ толькі нарадзіліся».

«Ну і што б вы зараз параілі?» — спытаў Слядак.

«Я прысудзіў бы вычварэнцаў да лабатаміі. Яны б пераўтварыліся ў шчасліўцаў і не стваралі б нам праблем».

«А вы маргінал», — усміхнуўся Слядак.

Ад выпітага таннага віна твар Крэза хваравіта пачырванеў. Гаворка стала з большымі паўзамі. Бачна было, што доза старога набрана, яму цяжка дыхаць, і ён стаміўся. Слядак адразу развітаўся і сказаў, што пойдзе спаць у прыбудову, а размову яны працягнуць заўтра. Стары не пярэчыў.

* * *

Раніцай наступнага дня Слядак пайшоў да Шэрыфа, зачыніў таму ў сейф свой рэвальвер і спытаў, ці ёсць у яго бінокль. Армейскі дваццацікратны бінокль знайшоўся — Шэрыф развітаўся з ім, хоць і на кароткі тэрмін, не без шкадавання.

«Аднойчы я разглядаў у яго з сотню дзяўчат з плантацый, якіх купалі ў возеры, — юрліва паведаміў ён. — Усё было бачна быццам перад носам: суперсеанс…»

«Дарэчы, — сказаў Слядак, хаваючы бінокль у сумку, — я не супраць зірнуць на вашага асемянатара — я маю на ўвазе Імбэцыла».

Шэрыф ажывіўся.

«Можаце пазнаёміцца хоць зараз. Ён якраз паснедаў гнілой капустай і макухай — іншым зняволеных у нас не кормяць, і адпачывае, гэта значыць псуе паветра ў „малпачніку“. Там ён сёння не адзін».