Читать «Эрыніі» онлайн - страница 11

Юры Станкевіч

«Я заплыў далёка ад берага, — асцярожна працягнуў напрамак гутаркі, які яго найбольш цікавіў, Слядак. — Я добра плаваю, і мне, мяркую, баяцца няма чаго».

«Ганцу — першая шклянка», — стары нетаропка праглынуў алкаголь. Праз хвіліну твар яго паружавеў, а мова стала больш гладкай і выразнай.

«Вы бачылі востраў? — спытаў стары і, не чакаючы адказу, працягнуў: — Ад берага да яго кіламетры тры — тры з паловай. Месца там гіблае, балотцы, твань, нават рыбакі там не спыняюцца, але з пачатку лета там жывуць».

«Жыве хто?» — спытаў Слядак.

«Эрыніі».

Слядак папярхнуўся.

Стары нібы са спачуваннем зірнуў на яго.

«У вас, пэўна, бракуе адукацыі, — з’едліва сказаў ён. — Вам патлумачыць, хто такія — эрыніі?»

«Не трэба, — усміхнуўся Слядак. — Калісьці я вучыўся на гуманітарным факультэце. Такія яшчэ існавалі да Катастрофы. — Потым, — ён раптам спахмурнеў, — калі ў падземцы згвалцілі і забілі маю сястру, я добраахвотна пайшоў у крымінальны вышук, а пасля таго, як мяне паранілі і выдалілі нырку, — у КрымПа».

«Выбачайце. Мне шкада, вельмі шкада».

Слядак наліў сабе і старому і адразу ж выпіў сам.

«Эрыніі, наколькі я ўспамінаю, багіні помсты, і пражывалі яны, паводле міфа, у пекле».

«А хіба тут, у нас, не пекла? — спытаў Крэз. — I хіба яны, эрыніі, не могуць існаваць і цяпер, калі наш свет, што ўжо даўно і паспяхова даказалі філосафы і навукоўцы, гэта ўсяго толькі Сімуляцыя

«Навукоўцаў і філосафаў менавіта за гэта і павыразалі яшчэ да Катастрофы, — перабіў яго Слядак. — I галоўная праблема ў тым, што пры вашым варыянце пабудовы свету, дзе ўсё: субматэрыя і мы — віртуальныя, мы ўвогуле ніколі не атрымаем дакладны адказ на гэтае балючае пытанне. Хіба не так?»

«Ёсць шмат ускосных доказаў. Эрыніі, мяркую, адзін з такіх. Я іх бачыў».

«Вы бачылі доказы?»

«Я бачыў эрыній!»

На даўно няголеным твары Крэза з’явілася нешта накшталт пяшчотнага натхнення, а ў вачах нечакана для Следака бліснуў вар’яцкі агеньчык.

«Дзе вы іх бачылі?» — вяла пацікавіўся Слядак.

«На востраве».

«Так-так, — са скептычным недаверам азваўся Слядак і нават усміхнуўся, нібы ўбогаму, але спахапіўся і схаваў усмешку. — Дарэчы, як яны выглядалі?»

Стары задумаўся, але праз паўзу ўпэўнена сказаў:

«Звычайна, маладыя жанчыны, прыгожыя. На перадплеччы ў кожнай аднолькавая татуіроўка».

«I якая?»

«Выява птушкі ў палёце. Чайкі».

«Па-вашаму, маладыя жанчыны могуць лётаць? Эрыніі ж быццам лёталі?»

«Яны пераўвасабляюцца. Валодаюць магіяй».

«Наколькі я ведаю, эрыніі лічыліся пачварнымі старымі бабамі са змеямі ў валасах і пугамі ў руках», — не ўтрымаўшыся, зноў аспрэчыў Слядак.

«Гэта памылковасць. Вы ж іх не бачылі, а я — як вось вас цяпер. I дарэмна вы не верыце. А вось многія сустракаліся і з лесуном, і з вадзянікам, і з гномамі, дамавікамі, русалкамі, і іншымі істотамі, існаванне якіх так упарта абвяргаюць навукоўцы. Я раней шмат чытаў, тады было яшчэ многа кніг, і тое-сёе памятаю і цяпер. Так, восемдзесят з гакам гадоў назад, амерыканскі заолаг Айван Сандэрсан зафіксаваў у балотах Камеруна птэрадактыля. Ля берагоў Афрыкі злавілі цэлаканта — лічылася, што гэтая кісцяпёрая рыбіна вымерла яшчэ да эпохі дыназаўраў. Пілоты, якія праляталі над возерам Хайыр, разгледзелі і сфатаграфавалі плезіязаўра. На Гамбійскі марскі курорт выкінула труп пяціметровага кроназаўра. Гэта толькі з боку біялогіі. А колькі чутак, паданняў, легенд пра ўсялякіх цмокаў, гномаў, эльфаў, фей… Каб іх не існавала — пра іх бы і не ўспаміналі. Не станеце ж вы аспрэчваць такія з’явы, як прагерыя, гамеапатыя, тэлегонія, партэнагенез? Іх таксама абвяргаюць навукоўцы, але яны існуюць».