Читать «Эрыніі» онлайн - страница 9

Юры Станкевіч

«Так, — адказаў Гектар, — у нас мала аднадумцаў, здольных на дзеянне. Нехта пачынае знішчаць наркадылераў ці бандытаў? Выдатна! Калі ж мы ўсе ў розных кутках знойдзем адно аднаго і аб’яднаем сілы, то цалкам верагодна, выжывем самі і не дапусцім прыніжэння сябе і сваіх блізкіх».

«А ўвогуле, яны якія — нашы мэты?» — зноў крыху наіўна запытаўся ён тады.

«Я сам не больш як фігура на шахматнай дошцы. Ты малады, здаровы, але і ты — пакуль што толькі выканаўца. Так што дзейнічай».

…Слядак прыўзняў галаву і абвёў вачыма бераг і месца, дзе ляжала яго вопратка. У яго быў нож, які, вядома, ён з сабой не ўзяў, а пакінуў на беразе. Там было пуста, і ён зноў лёг патыліцай у ваду і заплюшчыў вочы.

Але так ён прабыў нядоўга. Раптоўны шолах і рэзкі посвіст над галавой, а потым адчувальны моцны ўдар па твары, быццам анучай, прымусілі яго даць нырца. Вынырнуўшы, Слядак імкліва агледзеўся па баках — нікога і нічога не ўбачыў, ніякай небяспекі, але незразумелы страх пасяліўся ў ім і прымусіў неадкладна плысці да берага, а плаваць хутка ён умеў з дзяцінства. Зноў быццам нейкі цень пагрозліва праслізнуў над яго галавой, ён нават адчуў над плячыма халодны подых, як ад нечаканага парыву паўночнага ветру. А потым ён, што самае дзіўнае, пачуў смех.

Калі ногі яго неўзабаве намацалі дно, ужо ля самага берага, ён няўпэўнена азірнуўся, паглядзеў у неба над ім, але нічога і нікога не ўбачыў. Слядак таропка апрануў кашулю, нагавіцы і скіраваў да дома Крэза тым жа шляхам, якім і прыйшоў сюды, — берагам возера.

Неўзабаве ён дасягнуў ускраіны Паселішча, і, як і раней, яго зноў пры выглядзе мясцовых людзей і наваколля ахапіла пачуццё сораму, прыніжэння і злосці. Насустрач яму мільгалі не людзі, а хутчэй за ўсё нейкія невыразныя іх падабенствы, «людзі-цені», як ён ахрысціў іх у думках. Патухлыя позіркі, вузкія сутулыя плечы, уцягнутыя ў іх галовы невялікага памеру, ён мог бы пабіцца аб заклад, што памер гэты ніжэйшы за нармальны, мітуслівая хада, пэўна, у спрадвечных пошуках алкаголю, наркатычнай дозы і, вядома, неабходнай для існавання пайкі. А развярні іх і падштурхні ў процілеглы бок — пойдуць і туды, бо ім — усё адно.

У многіх ён заўважыў на руках электронныя бранзалеты, якія з’явіліся адразу пасля Катастрофы і якімі былі «акальцаваныя» ў асноўным тыя, хто адбываў пакаранне ў калоніях агульнага рэжыму з правам работы за межамі тэрыторыі, — звычайныя відазмененыя рабы. Слядак ведаў таксама, што ні зняць, ні перапраграмаваць прыстасаванне нельга. Калі ж хто асмеліцца яго сапсаваць ці спілаваць нажоўкай, сігнал адразу пойдзе на пульт аператару, пасля чаго парушальніка, калі ён не знойдзе спосаб блакіроўкі, чакае значна больш жорсткае пакаранне. Вядома, калі яго паспеюць злавіць. Як ён ужо ведаў, многія з іх працавалі на плантацыях цыбулі альбо агуркоў ці бульбы на ўскраінах Паселішча. Частка жанчын выходзіла на асфальтавы шлях, які вёў да Мегаполіса, дзе яны гандлявалі садавіной ці зараблялі прастытуцыяй. Кіравалі імі, як правіла, прыхадні, большасць з якіх — цёмнаскурыя (яны былі арганізаваныя і энергічныя), зневажаючы і прыніжаючы першых, якія калісьці называліся тут аўтахтонамі і тытульнай нацыяй.