Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 71

Антуан Сент-Экзюпери

Але вось сяржант ужо на нагах i глядзiць нам проста ў вочы:

- Пара?

Вось тут i раскрываецца чалавек. Вось тут ён i разбурае ўсе прадказаннi логiкi: сяржант усмiхаўся! Якою радасцю ён цешыўся? Помню, аднойчы ў Парыжы мы з Мермозам i яшчэ некалькi прыяцеляў адзначалi нейкi дзень нараджэння i далёка па апоўначы выйшлi з бара з адчуваннем моташнасцi ад таго, што столькi гаварылi, столькi пiлi, так нiкчэмна стамiлiся. А неба ўжо святлела, I Мермоз нечакана сцiснуў маю руку, ды так моцна, што аж пазногцi ўпiлiся. "Паслухай, а вось зараз у Дакары..." У гэты час механiкi труць спрасоння вочы i расчахляюць вiнты самалётаў, у гэты час пiлот iдзе да сiноптыкаў па метэазводку, па зямлi зараз крочаць толькi твае паплечнiкi. Неба ўжо ружавела, ужо рыхтавалася свята, але не для нас, ужо рассцiлалi абрус, а мы не былi запрошаны на пiр. Сёння жыццём будуць рызыкаваць iншыя...

- А тут - гэткi бруд... - закончыў Мермоз.

А ты, сяржант, на якое баляванне запрошаны, вартае таго, каб за яго памерцi?

Я ўжо выслухаў тваю споведзь. Ты расказаў мне гiсторыю свайго жыцця: ты быў непрыкметны рахункавод дзесьцi ў Барселоне, выстройваў у радок лiчбы, i цябе не надта кранаў палiтычны раскол у тваёй краiне. Але вось пайшоў добраахвотнiкам на фронт адзiн твой прыяцель, потым другi, трэцi, i аднойчы ты ўражана адзначыў у сабе нейкую дзiўную змену: усё, што раней займала цябе, пачало здавацца пустым i нiкчэмным. Твае радасцi i турботы, твая мiзэрная ўтульнасць - усё гэта было з нейкага iншага стагоддзя. Там не адбывалася нiчога значнага. I вось прыйшла вестка пра смерць аднаго твайго таварыша, забiтага пад Малагай. I справа была зусiм не ў тым, што ты ўзгарэўся жаданнем адпомсцiць за сябра. Палiтыка нiколi не хвалявала цябе. Але гэтая вясцiна ўварвалася да вас, у вашыя душы, лёсы, як парыў марскога ветру.

У той ранак адзiн з тваiх таварышаў глянуў табе ў вочы i сказаў:

- Пайшлi?

- Пайшлi.

I вы пайшлi.

Iсцiну, якую ты не здолеў выказаць у словах, але якая так уладна вяла цябе, памагла зразумець мне вобразы, якiя прыйшлi тады на памяць.

Калi дзiкiя качкi пачынаюць адлятаць у вырай, на ўсiм iх шляху пракочваецца па зямлi трывожная хваля. Свойскiя качкi, быццам намагнiчаныя вялiкiм лёткiм трохкутнiкам, пачынаюць няўклюдна падскокваць. Клiкi тых, у вышынi, абуджаюць i ў iх нешта даўняе, першабытнае. I вось вясковыя качкi на момант ператвараюцца ў пералётных птушак. У маленькай цвердалобай галоўцы, дзе круцяцца мiзэрныя вобразы лужыны, чарвякоў ды птушнiку, раптам разнасцежваюцца абшары кантынентаў, iх клiчуць вольны вецер i марскiя далячынi. Птушка i не падазравала, што ў яе галаве можа ўмясцiцца столькi цудаў, - i вось яна б'е крыламi; што ёй зерне, што ёй чарвякi, яна прагне стаць дзiкаю качкай...