Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 70

Антуан Сент-Экзюпери

I кануць у ноч.

Калi той час прабiў, я аказаўся сведкам абуджэння сяржанта. Ён спаў у вэрхале гэтага блiндажа на жалезным ложку. Я глядзеў на спячага. Мне так знаёмы быў гэты сон, зусiм не трывожны, а нават шчаслiвы. Прыгадаўся першы дзень пасля катастрофы ў Лiвiйскай пустынi, калi мы з Прэво, прыгавораныя, без кроплi вады, яшчэ не вельмi пакутавалi ад смагi i нам удалося - адным-адзiны раз! - праспаць цэлых дзве гадзiны. I тады, засынаючы, я цешыўся сваёй магутнасцю - цудоўнай уладай адрынуць наяўны свет. Маё цела яшчэ не турбавала мяне, i дастаткова было ўткнуцца тварам у скрыжаваныя рукi, каб забыць усё на свеце i заснуць салодкiм сном.

Гэтак спаў i сяржант, ён скруцiўся ў клубок - не разбярэш, дзе што; калi прыйшлi будзiць яго, запалiлi свечку i ўваткнулi яе ў рыльца бутэлькi, я спачатку толькi i разгледзеў у гэтай бясформнай цёмнай глыбе яго грубыя башмакi. Велiчэзныя башмакi з шыпамi i жалезнымi падкоўкамi, башмакi падзёншчыка цi докера.

Абутак гэтага чалавека прызначаўся для цяжкай працы, i ўсё астатняе на iм было яго рабочым рыштункам: падсумкi, рэвальверы, пояс, рамянi. На iм былi лейцы, хамут, уся збруя ламавога каня. У Марока я бачыў у падвалах жорны, якiя круцяць сляпыя конi. Вось i тут у трапятлiвым чырванаватым святле свечкi будзiлi сляпога каня круцiць свае жорны.

- Эй, сяржант!

Ён неахвотна варухнуўся, узняў сонны твар, прамармытаў нешта неразборлiвае. I павярнуўся да сцяны, не жадаючы прачынацца, забiраючыся ў глыбiнi сну, як у спакой мацярынскага ўлоння, як пад глыбокiя воды, i то сцiскаў рукi ў кулакi, то расцiскаў iх, быццам там, на дне, хапаўся за няведама якiя чорныя водарасцi. Яму трэба было памагчы выблытацца. Мы падселi да яго на ложак, адзiн з нас мякка падсунуў сваю руку яму пад шыю i з усмешкай падняў цяжкую галаву. Гэтак у густой цеплынi стайнi ласкава тацкаюцца адзiн у аднаго пысамi конi... "Эй, дружа!" Нiколi ў жыццi я не бачыў болей пяшчотнай ласкi. Сяржант зрабiў апошняе намаганне вярнуцца ў цiхамiрнасць сну, адпрэчыць наш свет з яго дынамiтам, смяротнай стомай i ледзяным моракам ночы... але позна. Нешта звонку настойлiва патрабавала ўвагi. Гэтак нядзельным ранкам школьны званок няўмольна будзiць пакаранага школьнiка. Ён паспеў забыцца пра парту, пра класную дошку i зададзены ў пакаранне ўрок. Яму снiлiся вясёлыя гульнi на двары; дарма. Званок звiнiць i звiнiць i бязлiтасна справаджае яго ў царства несправядлiвасцi дарослых. Гэтак i сяржант паступова асэнсоўваў сваё выматанае стомай цела, гэтае цела, пра якое ён хацеў забыць i якое вельмi хутка, услед за зябкасцю абуджэння, спазнае спярша шчымлiвы боль у суставах, потым цяжар збруi, а там - нязграбны бег атакi - i смерць. Не гэтак нават смерць, як лiпкую кроў, у якой упiраешся, слiзгаеш далоньмi ў намаганнi прыўзняцца, i задыханне, i страшэнны холад, - адчуваеш не гэтак самую смерць, як няўтульнасць апошняга свайго часу. Я глядзеў на сяржанта, i мне прыгадвалася маркота майго ўласнага абуджэння ў пустынi, як цяжка было зноў узвальваць на сябе ношу смагi, сонца, пяску, зноў узвальваць на сябе ношу жыцця - вяртацца ў гэты цяжкi сон, якi бачыш не па ўласнай волi.